Сілавікі прыйшлі да Бабарыкі і Цапкалы


Кандыдатаў на прэзідэнцтва яшчэ не зарэгістравалі, а ўжо ідуць ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі ў іх атачэнні. Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальную справу аб ухіленні ад падаткаў і адмыванні грошай у дачыненні «Белгазпромбанку» і шэрагу іншых структураў, звязаных з Віктарам Бабарыкам. Фінансавая міліцыя прыйшла і да Валерыя Цапкала. А Святлана Ціханоўская пасля ўзмацнення рэпрэсіяў адмовілася ад выбарчых пікетаў у буйных гарадах.

У бліжэйшыя пятніцу, суботу і нядзелю аддаць подпіс за Святлану Ціханоўскую будзе нельга – у сталіцы і абласных цэнтрах. Ініцыятыўная група будзе працаваць у рэгіёнах з прычынаў бяспекі.

«У гэтыя дні я непакоюся аб розных правакацыях адносна вас. І паверце, ніводны з сабраных подпісаў не варты таго, каб цярпелі вы і вашыя сем’і», – паведаміла ў відэа-звароце прэтэндэнтка на ўдзел у выбарах.

Застаецца за кратамі і начальнік штабу Святланы Ціханоўскай, ейны муж Сяргей Ціханоўскі. Агулам пад вартай пасля правакацыі ў часе збору подпісаў у Горадні 29 траўня знаходзяцца 10 чалавек. У межах распачатай крымінальнай справы ім пагражае ад 3 да 6 гадоў калоніі.

Сёння пасля справаздачы Аляксандру Лукашэнку кіраўнік Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што колькасць фігурантаў крымінальнай справы можа змяніцца. Пад ціскам сілавікоў і чыноўнікаў ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай скарацілася ўдвая: хтосьці сядзіць за кратамі, кагосьці пагрозамі змусілі выйсці з групы.

«У нас на пікетах затрымана даволі шмат людзей, і чальцоў ініцыятыўнай групы, і валанцёраў. Плюс знікла частка подпісаў, калі затрымлівалі», – распавёў «Белсату» прадстаўнік Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў.

Дакаціліся рэпрэсіі і да тых, хто раней называў іх міфам. Міліцыя, але фінансавая, прыйшла да прэтэндэнта на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі. Паводле крымінальнай справы аб ухіленні ад падаткаў і аб легалізацыі злачынна атрыманых сродкаў Дзяржкантроль зладзіў ператрусы ў «Белгазпромбанку» і ў звязаных з ім бізнес-праектамі кампаніях. Сам былы банкір кажа, што літаральна ў студзені паспяхова прайшла пазапланавая праверка Нацбанку і што нічога падобнага за 20 гадоў кіравання банкам у іх не было.

«Па такім шырокім коле і людзей, і кампаніяў маіх сяброў – напрошваецца відавочная выснова, што шукаюць хоць штосьці, каб прадставіць абвінавачанне мне», – распавёў «Белсату» Віктар Бабарыка.

Фінансавая міліцыя прыйшла і да бізнес-цэнтру, дзе месціцца выбарчы штаб Валерыя Цапкалы. Абышлося без ператрусу.

«Сапраўды, побач з гэтым будынкам з раніцы, як мы звярнулі ўвагу, былі працаўнікі ў форме МУС, але ніякіх дзеянняў адносна штаба ці дома Валерыя не было і не адбывалася», – паведаміў нам кіраўнік прэс-службы Валерыя Цапкалы Аляксей Урбан.

Медыі паведамлялі і пра міліцыянтаў побач з домам былога ІТ-чыноўніка, а сёння аднога з найбольш папулярных апанентаў Лукашэнкі. Праз прэс-службу Валерый Цапкала перадаў, што ўсё спакойна, але ў выбарчых пікетах ён сёння ўдзельнічаць не будзе – занадта горача. Ці гэтак мае выглядаць выбарчая кампанія? Вось што думаюць пра крымінальныя справы супраць удзельнікаў выбараў жыхары і госці Менску:

«Яны самі нарваліся. Парадак ёсць парадак».

«На кожнага чалавека можна сказаць, што падаткі (нясплочаныя) ёсць».

«Адбываецца ў Беларусі нешта незвычайнае. Адчуваецца вялікая канкурэнцыя».

«Ёсць напружанасць у грамадстве. Гэта і палохае кіраўніцтва».

«Ён трымаецца за ўладу рукамі і нагамі. Не хоча аддаваць».

«Проста спрабуе прыбраць канкурэнтаў».

Раней Аляксандр Лукашэнка абяцаў апублікаваць кампрамат на Валерыя Цапкалу ды не дапусціць Майдану ў Беларусі. Абразліва выказаўся і ў бок іншых сваіх патэнцыйных канкурэнтаў на сёлетніх выбарах.

«Традыцыйная апазіцыя ў кепскім стане, яны між сабой перасварыліся, завалілі гэтыя праймарыз. Нібыта дарога да чарговай «элегантнай перамогі» расчышчаная. І раптам, як чорцікі з табакеркі, зʼяўляюцца гэтыя новыя фігуры: Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала. І гэта было, напэўна, сюрпрызам для ўладнай вярхушкі. І як дзейнічаць супраць гэтых людзей, быў момант разгубленасці. Але потым стаўка была зробленая на сілавы метад», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Тым не менш, Віктар Бабарыка перакананы, што сілавікі ўжо задумваюцца пра магчымую адказнасць, бо змены ўлады хоча абсалютная большасць грамадзян.

«Калі будзе ўжыты сілавы сцэнар – усё. Гэта злачынства супраць чалавечнасці, вырак, Гаага… Людзі, якія расстрэльваюць свой народ, сховішча на планеце Зямля знайсці не змогуць», – перакананы былы банкір.

І менавіта таму, прынамсі паводле Бабарыкі, змены адбудуцца мірна, праз выбары.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»