Сілавікі хаваюць вязняў ад сваякоў


Ніякае прымірэнне з вулічнымі «пратэстунамі» не магчымае – звярнуўся Лукашэнка да міліцыі, крытыкуючы іх у празмернай мяккасці. З такою ацэнкаю дзеянняў сілавікоў не пагодзяцца зняволеныя за пратэсты і іхныя сваякі, якія што чацвер стаяць у чарзе на Акрэсціна, каб аддаць перадачу. Атрымаюць дапамогу не ўсе, бо вязняў пастаянна перавозяць з месца на месца. Юлія Цяльпук

Слёзы, агіда, крыўда і адчуванне, што ты не адзін… Праз Цэнтр ізалявання правапарушальнікаў і Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна сёлета прайшлі тысячы праціўнікаў Лукашэнкі, і тыя, каго карнікі хапалі без разбору… Гэта пра сына Таццяны Самусік, затрыманага 8 лістапада:

«Сядзеў у скверыку на лаўцы а 13 гадзіне. Учора быў суд. Далі 15 содняў. Сведка яго не пазнаў, але гэта суддзю не цікавіць – дае содні».

Ад нядзелі да чацвярга затрыманыя чакалі на перадачы. На вачах у вышыхтаванай ад раніцы чаргі – у адзіны на тыдні дзень перадач – восем аўтазакаў з вязнямі вывезлі з Акрэсціна. Не вядома каго і не вядома куды – у Жодзіна ці Баранавічы.

Старэйшы брат акардыяніста групы «РЭХА» – Ігара Асідчанкі – Андрэй кажа, што сваякам дагэтуль не вядомае месцазнаходжання дваіх удзельнікаў гурта, затрыманых пад час выступу ў дварах.

«Спісаў няма ніякіх, няма інфармацыі. Тэлефануеш, тэлефануеш, тэлефануеш… Безвынікова. Мы цяпер стаім і спадзяемся, што яны ўсё ж тут», – сказаў Андрэй.

У іншым выпадку – застануцца без дапамогі з вольнага боку. У сем’ях лічаць, што перавозка вязняў без інфармавання блізкіх – спосаб псіхалагічнага здзеку, як і ўтойванне інфармацыі пра знаходжанне.

Вікторыя, жонка затрыманага 8 лістапада, распавяла «Белсату»:

«Па 102 на наступную раніцу сказалі, што ён у Жодзіна. Раніцаю ў панядзелак у спісах Жодзіна яго не было. Знайшлі ў спісах ІЧУ ў Менску. У аўторак раніцай у спісах ІЧУ яго не было… Знайшлі ў ЦІП. Стаім чакаем, ці ён будзе тут. Магчыма, гэтая «экскурсія» працягнецца».

Падобным чынам «ганялі» па ізалятарах Яніну, якая шукае 25-гадовага брата, які атрымаў 15 содняў.

«Лічу гэта здзекам не толькі над затрыманымі, але і над сваякамі ў цэлым», – ацаніла дзяўчына, якая не ведае пра абставіны затрымання брата.

Побач з ёю маладзёны, якія бачылі ў сеціве затрыманне таго, каму прынеслі пакунак: «Вельмі патрэбныя сродкі гігіены – вільготныя хустачкі, бо мыцца не водзяць ці водзяць у ледзяную ваду. Прагулак таксама фармальна няма. Ежа – нязносна смачная, таму перадаем сухафрукты і яшчэ нешта, што дадасць смаку».

Раней перадаць вязням усё неабходнае можна было кожны будні дзень з 14:00 да 16:00 гадзіны.

Аб’яву пра змену графіку перадач адміністрацыя вывесіла ў панядзелак пасля Маршу вызвалення палітвязняў, удзельнікі якога прайшліся шэсцем да ізалятару на Акрэсціна.

Скандавалі «Выпускай!», «Караева пад суд!», «Жыве Беларусь!» На сценах ЦІП пакінулі партрэты загінулых удзельнікаў пратэстаў і чырвоны надпіс «Фашысты» на плоце ўстановы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»