Швецыя смуткуе па ахвярах трагедыі


Наезд грузавіка на людзей на пешай вуліцы і ўлады Швецыі, і паліцыя называць тэрактам, хоць ніводная тэрарыстычная групоўка адказнасці за інцыдэнт не ўзяла.

Ува ўсёй краіне спушчаныя сцягі. А месца самой трагедыі ачэпленае. Да агароджы ўвесь дзень прыносілі кветкі. У пятніцу цяжкавік наехаў на людзе на адной з самых ажыўленых вуліцаў Стакгольму. Чацвёра загінулі, дзве асобы ў рэанімацыі, яшчэ васьмёра, у тым ліку дзіця, у шпіталі. Шведская кронпрынцэса Вікторыя, ускладаючы кветкі, не змагла стрымаць слёз.

«Глыбокі смутак і пустэча, але нам трэба быць моцнымі так ці інакш. Грамадства мае вялізную сілу. Шведскае грамадства пабудаванае на даверы, салідарнасці і еднасці», – заявіла кронпрынцэса.

Амаль адразу пасля трагедыі шведскі прэмʼер Стэфан Лёвэн назваў інцыдэнт тэрактам. Пра гэта ж заяўляе і паліцыя. Хоць адказнасці не ўзяла ніводная тэрарыстычная групоўка. Не паведамляюць пра сувязь тэрарыстаў і чалавека, які быў за стырном, гэта 39-цігадовы нарадзінец Узбекістану. Яго затрымалі ўчора ўначы, імя не паведамляюць.

Шведскія медыі кажуць пра яшчэ адное затрыманне. Афіцыйнага пацверджання, аднак, няма.

Цяжкавік, якім мужчына разʼехаў людзей, належаў піваварнай кампаніі «Spendrups» і ўчора, як звычайна, развозіў піва. Яго ўгналі незадоўга да тэракту.

«Калі б у нас была інфармацыя пра імаверную атаку, мы б зрабілі захады перасцярогі і абвесцілі б пра небяспеку. Аднак ніякай інфармацыі пра рыхтаванне атакі не было», – адзначыў кіраўнік паліцыі бяспекі Швецыі Андэрс Тэрнбэрг.

Тэракт у Стакгольме стаўся чарговым з серыі падобных. Найбольш людзей загінула летась у ліпені ў Ніцы: на свяце Дня ўзяцця Бастыліі цяжкавік з нарадзінцам Тунісу за стырном забіў 86 чалавек. У снежні цяжкавік пратараніў святочны кірмаш у Берліне, загінулі 12 чалавек. 22-га сакавіка ў Лондане легкавік уехаў на ходнік на Ўэстмінтэрскім мосце, пасля чаго кіроўца выйшаў і смяротна параніў паліцыянта – усяго загінулі сямёра. За ўсе гэтыя атакі адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

Цяпер жа свет спачувае Швецыі: прадстаўнікі розных краінаў выказваюць словы падтрымання. На знак салідарнасці агні згаслі на Эйфэлевай вежы ў Парыжы.

«Мы мусім смуткаваць разам з тымі, хто страціў родных, мы мусім падтрымліваць раненых. Аднак нельга схіляцца перад тэрарызмам. Швецыя мусіць быць адкрытай і бяспечнаю краінаю», – заявіў шведскі прэмʼер Стэфан Лёвэн.

Пакуль жа адмыслоўцы разбіраюцца, што за прадмет ляжаў на сядзенні кіроўцы. Раней у медыях паведамлялі, што гэта бомба. Праваахоўнікі ж адмаўляюцца ад канкрэтыкі і толькі сцвярджаюць, што знайшлі «падазроную прыладу», але што гэта, паліцыя яшчэ мае высветліць.

Чытайце таксама:

Марына Вашкевіч, belsat.eu