Аб'ектыў 13.08.2019 Штучны інтэлект выкрые карупцыю ў медыцыне?


Гучныя затрыманні і каля сотні крымінальных справаў. Гэтак улады Беларусі распачалі барацьбу з карупцыяй у медыцыне летась. Цяпер жа на дапамогу прыцягнуць штучны інтэлект! Пра такія планы распавёў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі ўчора. Ці здолеюць сучасныя тэхналогіі засцерагчы ад спробаў абагаціцца за бюджэтныя сродкі?

Заробкі медыкаў цягам бліжэйшых пяці гадоў вырастуць ажно ў два разы, а карупцыю пераможа штучны інтэлект!

Уладзімір Каранік, міністр аховы здароўя Беларусі:

«Мы цяпер сумесна з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, рэзідэнтамі ПВТ абмяркоўваем стварэнне платформы з элементамі штучнага інтэлекту, якая будзе аналізаваць гэтыя вялікія аб’ёмы звестак у аўтаматычным рэжыме і выяўляць тыя аднатыпныя пазіцыі, якія рознымі шпіталямі закупляюцца за розны кошт».

І менавіта кантроль з дапамогаю тэхналогіяў, паводле міністра, здольны спыніць карупцыю і тых, хто жадае, цытата, «пагуляцца з коштамі». Захаду адобрыў і самы галоўны змагар з карупцыянерамі.

«Пра ўдасканаленне сістэмы я на пачатку сказаў. Вы таксама тады мне зрабілі намёк на тое, што нам бы трэба было яе ўдасканальваць, ламаць нічога не трэба. Ламаць – гэта глупства поўнае, і вы, і ўсе мы выраслі на гэтай сістэме», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

А калі выраслі ў сістэме, якой ужо чвэрць стагоддзя, то і штучны інтэлект навучым, як трэба. Агулам інавацыя ў тым, каб праграма ўзяла пад кантроль пастаўкі тавараў у розныя медычныя ўстановы. І калі будуць фіксавацца неабгрунтаваныя закупы, яна адразу дасць сігнал для правярання. Гучыць нібы добра і лагічна.

Уладзімір Кавалкін, практ «OPEN TENDERS»:

«Пры закупе некаторых тавараў маем дастаткова вялікі масіў дадзеных, але пры закупе адзінкавых тавараў ніяк штучны інтэлект дапамагчы не здольны! На мой погляд, гэта проста заболтванне пытання. Дадаванне модных словаў тыпу «machine learning», «big data» проста дзеля таго, каб паказаць, што нешта робіцца».

Паводле эксперта, ужо цяпер існуюць простыя рашэнні без суперкампʼютараў і машыннага навучання, якія дазволяць максімальна знізіць жаданне красці грошы з бюджэту:

«Неабходна неяк пазбавіцца ад падстроеных спецыфікацыяў, а для гэтага трэба адчыняць інфармацыю яшчэ на падрыхтоўцы тэндару. Другое – трэба пазбавіць «Белмедтэхніку» манаполіі на закупы, бо калі маем толькі аднаго закупніка, то значна прасцей арганізаваць карупцыю».

Што ж да тэхналогіяў, якія дазволяць стварыць разумную сістэму, то і яны зусім не новыя ды ўжо даўно працуюць на карысць дзяржавы. Што праўда, толькі там, дзе грошы трэба лічыць у кішэнях грамадзянаў.

Сяргей Лаўрыненка, ІТ-блогер, T.ME/NECODERNOTES:

«Вось мы возьмем падатковую! Пра тое, як мы грошы трацім, яна ведае вельмі ўсё добра. Калі вы фармальна беспрацоўны, а пойдзеце набываць кватэры ці дарагое аўта, то падатковая будзе ведаць, што ў вас грошай няма, а пакупку ажыццявілі, гэта тая ж сістэма!»

А значыць, штучны інтэлект, што гэтак моцна гучыць з афіцыйнай трыбуны, аказваецца, і працуе ўжо даўно ў Беларусі. Праўда патрэбы ў ім, каб толькі параўнаць кошты ў пастаўнікоў, проста няма.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары