Штрафы, новыя крымінальныя прысуды – судовыя рэпрэсіі ў сераду


Два гады пазбаўлення волі атрымаў сёння мастак-разбяр Уладзіслаў Макавецкі з Віцебску. Паводле абвінавачвання, 6 верасня на маршы ў Віцебску хлопец нібы замахнуўся на міліцыянта гумоваю дубінкаю, падабранай з зямлі.

«Майму сыну 27 гадоў, і за ўсе гэтыя гады ён ані разу не пабіўся. Ён вельмі спакойны, разважлівы, нешматслоўны. Я ўсім мамам зычу такіх дзяцей. Ён беспраблемным дзіцём быў», – распавядае маці асуджанага Наталля Макавецкая.

Уладзіслаў не прызнаў сваёй віны. Пад вартаю яго трымалі тры месяцы.

«За гэта атрымаць два гады пазбаўлення волі можна, напэўна, толькі ў Беларусі і ў Паўночнай Карэі», – лічыць праваабаронца Павел Левінаў.

Год пазбаўлення волі прысудзілі актывісту з Гомля Аляксею Раманаву, у якога анкалогія. 28 ліпеня на пікеце ў Хойніках мужчына негатыўна выказаўся пра Лукашэнку, пасля чаго распачалі крымінальную справу.

Аляксандр Шарабайка з Глыбокага ўжо адседзеў 17 содняў за ўдзел у пратэсце і непадпарадкаванне міліцыянту. Але перад гэтым паспеў падаць скаргу ў Віцебскі абласны суд. Сёння на паўторным разглядзе справы ранейшую пастанову пакінулі без зменаў.

«Далі мне 17 содняў з гэтай нагоды. Далі без усялякіх падставаў, не ўлічваючы ніякіх відэазапісаў. То бок поўная бязглуздзіца», – абураецца Аляксандр.

Адразу пасля суда ў фае Аляксандра затрымалі.

«Як бы ты ні апраўдваўся, што б ты ні казаў, усё злепленае, сфабрыкавана», – лічыць Ганна Федаронак, якая прыехала падтрымаць Аляксандра.

Тры гадзіны ў Следчым камітэце правёў сёння старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які праходзіць сведкам у крымінальнай справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Раніцаю на Акрэсціна выпускнога рэдактара Onliner Мікалая Градзюшку сустрэла ягоная сям’я. Журналіста затрымалі 13 снежня, сёння далі штраф 810 рублёў за нібыта ўдзел у пратэсце.

Беларускіх журналістаў падтрымалі сёння расейскія тэлевядоўцы Ксенія Сабчак, Уладзімір Познер і Мікалай Сванідзэ.

«Аляксандр Рыгоравіч, журналістам не месца ў аўтазаку ці на нарах, асабліва калі гэтыя журналісты – жанчыны. Пераследуючы іх, саджаючы за краты, вы дэманструеце не моц, а слабасць», – звяртаецца журналіст Мікалай Сванідзэ.

За кратамі застаюцца нашыя калегі Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова і Кацярына Барысевіч. Журналістак прызналі палітзняволенымі. Яшчэ амаль тыдзень правядзе за кратамі Іван Куракевіч – аператар-фрылансер. Яго затрымалі падчас Маршу пенсіянераў восьмага снежня.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў