Штрафы, большыя за стыпендыю


Замест студэнцкай лавы – лава падсудных. Затрыманых напярэдадні студэнтаў сёння судзілі. Для некаторых з іх навучальны год пачнецца не на традыцыйнай бульбе ці занятках, а за кратамі.

За ўдзел у мірным, спакойным студэнцкім маршы бальшыня затрыманых маладзёнаў атрымала ад 5-ці да 20-ці содняў арышту, некаторыя – штрафы ад 10 да 25 базавых. Пры гэтым большасць судовых паседжанняў праходзіла праз «Скайп», што не прадугледжваецца беларускім заканадаўствам і ёсць парушэннем працэсуальных правоў тых, каго судзяць, кажа праваабаронца Наталля Сацункевіч:

«Таму што яны праз гэтыя паседжанні праз «Скайп» не могуць у поўнай меры рэалізаваць сваё права на абарону: азнаёміцца з матэрыяламі справы, у іх няма часу на кансультацыі з адвакатамі, у іх няма часу на пабудову сваёй стратэгіі на абарону».

Студэнтаў судзяць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але ўсіх не пасадзяць, кажуць студэнты ды працягваюць пратэст і выклікаюць кіраўніцтва вучэльняў на размову. Але замест рэктараў прыходзяць сілавікі. Студэнты ім кажуць – «Пайшлі прэч!» А яшчэ мацней гучала: «Жыве Беларусь!»

У другі дзень новага навучальнага года таксама адбыліся затрыманні. І ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Гэтак, у Віцебску студэнты ветэрынарнай акадэміі пратэставалі моўчкі, без плакатаў і сімволікі. Але і ў цішыні міліцыянты знайшлі склад злачынства. Дваіх маладзёнаў затрымалі.

– За што?

– Сядайце!

– Хлопец, што ты парушыў? Ён кажа, што нічога не парушыў.

Праваабаронца Наталля Сацункевіч кажа, што студэнтаў караюць арыштамі не выпадкова:

«Звычайна адміністрацыя навучальных установаў вельмі негатыўна рэагуе на тое, што ў чалавека ёсць прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці, асабліва арышту, які чалавек адбываў».

А гэта значыць, што над актыўнымі студэнтамі навісае пагроза выключэння. У выпадку адлічэння іх гатовыя запрасіць да сябе ўніверсітэты Польшчы, Чэхіі, ды Літвы. Выключаным па палітычных матывах прапануюць бясплатнае навучэнне з наданнем стыпендыі.

Вольга Старасціна, «Белсат»