Штрафамі і судамі не запужалі – падключылі ваенкамат


Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага білі судамі, штрафамі і пагрозамі. А калі нічога не дапамагло, вырашылі забраць на вайсковыя зборы.

Паўгода камісіяў у ваенкамаце, абіванне парогаў у лекараў. І тыя далі заключэнне – годны. Але журналіст знайшоў падробку медычных дакументаў. І сёння на зборы не трапіў.

У ваенкамат лекары напісалі, што Кастусь Жукоўскі годны, а ў паліклініку па месцы жыхарства, што хворы на гепатыт C. Подпіс той жа – загадчыцы аддзялення трэцяга гарадскога клінічнага шпіталю Гомля Ларысы Кобрусевай.

«Справа ў тым, што наш стацыянар не накіроўвае ў паліклініку ніякіх аналізаў. Гэта ідзе з інфекцыйнай. То бок, калі выяўляецца пацыент з вірусным гепатытам, у паліклініку па месцы жыхарства ідзе інфармацыя, што пацыента ўзялі на дыспансерны ўлік», – кажа лекар трэцяга гарадскога клінічнага шпіталю Гомля Людміла Шарахоўская.

У больніцы нібы нічога не ведаюць. І атрымліваецца, што нават цяпер не ясна, ці хвароба ўвогуле ёсць. І чаму самога Жукоўскага не інфармавалі, а ён даведаўся пра дыягназ выпадкова, пайшоўшы па даведку ў паліклініку? Калі ён хворы, то мог стварыць пагрозу для іншых.

«Кэдэбісты забралі ў мяне паўгода жыцця, ганялі па ваенкаматах, па паліклініках, а цяпер, калі я прыйшоў, – у войска забірайце, яны ўжо не рызыкнулі далей зрабіць свае злачынствы, бо ў мяне ёсць паперы на руках, якія сведчаць, што дакументы медыцына падрабіла. Я лічу, што ўсё гэта зрабілі на загад КДБ», – адзначае Кастусь Жукоўскі.

Відавочна, Кастусь Жукоўскі быў як костка ў глотцы. Толькі за супрацу з нашым тэлеканалам на яго склалі больш за 20 пратаколаў і адбылося каля 10 судоў. Ладзіў акцыі, перформансы, ездзіў па вёсках, каб распавядаць пра рэальную сітуацыю. Неаднаразова яго затрымлівалі. Сёння Жукоўскі быў у касцюме лагернага вязня, але ў вайсковую няволю не трапіў.

А потым у ваенкамат выклікалі міліцыю.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu