Штраф за мірны пратэст

Марш людзей з абмежаванай мабільнасцю. Менск, Беларусь. Фота: ТК / Белсат

7 базавых велічыняў, або 189 рублёў. Такую суму жыхарка аграгарадка Кастрычніцкая Валянціна Крыштопенка мае сплаціць у якасці штрафу за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Віцебску. Суддзя суда Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня пакараў жанчыну штрафам, нягледзячы на тое, што яна мае інваліднасць першай групы. Сама Валянціна сваёй віны не прызнае і кажа, што будзе працягваць удзельнічаць у акцыях.

Валянціна Крыштопенка двойчы ў кастрычніку выходзіла на пратэстнае шэсце. На чарговую акцыю яна выехала ў інвалідным вазку. Валянціна мае інваліднасць першай групы, перанесла чатыры аперацыі па замене каленных і тазабедраных суставаў, пасля некалькі гадоў абыходзілася без вазка. Цяпер жа хутка стамляецца пры хадзьбе, таму знайшла вазок і ўгаварыла, каб яе ўзялі на марш супраць гвалту.

Пасля ўдзелу жанчыны ў шэсці ў праўладным тэлеграм-канале «Жоўтыя слівы» пра яе з’явілася ілжывая, абразлівая інфармацыя.

«Я вельмі спалохалася за маму і за дзіця. Там такі бруд, там такія хамскія выказванні. Я проста не змагла застацца абыякавай», – кажа Святлана, дачка Валянціны.

Святлана напісала ў чат і папрасіла, каб прыбралі ганебныя звесткі. Ёй адказалі, што калі маці запіша відэа з пакаяннем, то можа тады яны і прыбяруць абразлівы допіс.

«Я хадзіла і буду хадзіць, чаго б мне гэта не каштавала. Як я сказала міліцыянтам: «Вы можаце ламаць мае пратэзы, вы можаце мяне забіваць. Так, мне балюча, я ўжываю абязбольваючыя лекі, але я не спынюся, бо я выйшла за праўду», – кажа Валянціна Крыштопенка.

Жанчына кажа, што выйшла на пратэсты, бо яе вельмі моцна абурыў падман і катаванні людзей.

«Мне была страшна за гэтых людзей, таму я пайшлі на мітынг. Каб, па-першае, іх падтрымаць, а па-другое, каб неяк і абараніць», – кажа Валянціна Крыштопенка.

Чацвёртага кастрычніка Валянціна не змагла абараніць віцяблянаў ні ад пабояў, ні ад атручвання газам.

«Я, на жаль, не выходжу, бо баюся за дзіця, што ў мяне забяруць дзіця. А вось матуляй я ганаруся», – кажа Святлана, дачка Валянціны.

У перапынках паміж болямі ў суставах, Валянціна шые вопратку для сваёй сям’і, а з абрэзкаў тканіны – для маленькіх жывёлаў, вяжа цацкі. І верыць.

«Мы пераможам, бо нас болей, бо Бог на нашым баку, мы за праўду», – адзначае Валянціна Крыштопенка.

Валянціна звязала цацку, бегемота-дэсантніка, якога хоча падараваць сілавіку, які будзе сапраўдным абаронцам народа.

Алёна Шабуня, Зміцер Лупач, «Белсат».

Тэгі: