Што зрабіць, каб беларусы сталі менш піць?


Алкаголікі бываюць буйныя, і тады іх подзвігі чуюць усе ваколіцы. А бываюць ціхія – штодня адная і тая ж доза ў закуточку. Ёсць алкаголікі багатыя, што выкідваюць цэлыя маёнткі на шляхетныя напоі. А ёсць зусім жабракі – ім і паесці няма на што, але на выпіўку грошы знаходзяць.

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, найбольш пʼюць еўрапейцы ў цэлым. А беларусы – другія ў свеце пасля Літвы па спажыванню ўмоўнага спірту на душу насельніцтва. За мінулы год сярэдні беларус набыў і выпіў 15 літраў гэтага самага ўмоўнага спірту.

Што пʼём?

Паводле абʼёмаў выпітага за першыя тры месяцы года сёлета лідарам стала піва – агулам беларусы выпілі 75 мільёнаў літраў, на другім месцы гарэлка, на трэцім – так званыя «чарнілы», таннае пладова-ягаднае віно. Сапраўднага віна пʼём у 10 разоў менш, чым піва.

Пры гэтым у статыстыку не ўваходзіць нелегальны алкаголь: самагон ад кума, сумнавядомы «Глог» з аптэкі, ды «палёны» спірт пераважна расейскай вытворчасці. Але любы спірт – гэта моцны хімічны распушчальнік, які разбурае любыя клеткі жывога арганізму, якія яму трапляюцца, ці то клеткі пячонкі, ці галаўнога мозгу. А да таго ж выклікае моцную залежнасць.

У барацьбе з алкагалізацыяй дапаможа міжнародны досвед

«Падвышэнне акцызаў – продажавага кошту алкаголю, скарачэнне колькасці кропак, дзе можна набыць алкаголь, выдаленне алкаголю ад моладзі, ад школаў і навучальных установаў. І з майго пункту гледжання важны элемент – перакласці частку фінансавай адказнасці за наступствы алкагалізацыі на вытворцаў і гандляроў алкаголем», – запэўнівае нарколаг Уладзімір Іваноў.

Калі вытворца гарэлкі і піва аплочвае лячэнне хворых на алкагалізм – гэта скандынаўская сістэма. Але ў краінах Скандынавіі значна меншы ўзровень карупцыі, а значыць, уплыву алкагольнага лобі на ўрад. Таксама ў нарвежцаў і шведаў няма адчыненай мяжы з Расеяй, праз якую гарэлку і спірт возяць грузавікамі. Таму тут рашэнне трэба комплекснае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: depositphotos.com