Што значаць заявы Лукашэнкі пра страту незалежнасці


Абдымкі, пацалункі ды клятвы ў братэрстве навечна, але раптам Аляксандр Лукашэнка заяўляе:

«Мы на фронце: не вытрымаем гэтых гадоў, правалімся – значыць, трэба будзе ці ў склад нейкай дзяржавы ісці, ці аб нас будуць папросту выціраць ногі. А не дай бог, яшчэ і развяжуць вайну, як ва Украіне».

Такую заяву Лукашэнка зрабіў 22-га чэрвеня. А за тры дні да гэтага ўсё кіраўніцтва Расеі было ў Менску – Пуцін, Мядведзеў, Матвіенка, Валодзін. Паседжанне вышэйшае дзяржаўнай рады Саюзнае дзяржавы. Расейская медыяпрастора загудзела аб аншлюсе Беларусі.

Напрыклад, галоўны рэдактар «PolitRussia.com» Руслан Асташка кажа:

«Падобна, шматвектарнага бацьку, нарэшце, прыціснулі да маскоўскага пазногця. Я, як і вы, не ведаю, як гэта было зроблена, але Пуцін умее».

Ужо нават гучаць каментары пра рэферэндум і добраахвотны крок Менску.

«Можа, Пуцін у Менску паказаў Лукашэнку нейкія звесткі пра тое, што яму рыхтуюць лёс іншага аматара шматвектарнасці», – мяркуе Руслан Асташка.

Хоць ёсць і даволі памяркоўныя меркаванні. Расейскі палітолаг Сяргей Міхееў адзначае:

«З Украінай, на жаль, мы не змаглі ўтрымаць гэтых нармальных стасункаў. Давайце ўтрымаем іх з Беларуссю, таму я супраць таго, каб правакаваць нейкія такія размовы. Але, канечне, агулам я лічу, што ва ўкраінцаў, беларусаў і расейцаў агульны гістарычны лёс».

Выказванне Лукашэнкі шмат хто расцэньвае хутчэй як выказванне ў бок сваіх падданых. Вось што думае палітолаг з Масквы Андрэй Суздальцаў:

«Палітычная формула суіснавання, супольнага развіцця стасункаў паміж Масквой і Менскам зайшла ў тупік. Інтэграцыя далей не прасоўваецца, а без інтэграцыі падтрымання з боку Расеі ў тым маштабе, якога б хацелася Менску, ужо не будзе, яно будзе скарачацца».

І нельга пакідаць без увагі масіву расейскае прапаганды. Выпадаковасць?

«Бацька пагадзіўся на беларускую федэральную акругу. Напэўна, яму за гэта дадуць асабістыя гарантыі. Яму і ягоным сынам. Цалкам магчыма, што ён жа і будзе кіраваць гэтай акругай Расейскае Федэрацыі ўжо ў якасці губернатара. Можа, нават пажыццёва», – адзначае Руслан Асташка.

Нагадвае чачэнскую мадэль. Быў некалькі дзён таму і візіт Віктара Лукашэнкі да Рамзана Кадырава. Палітолаг Валер Карбалевіч, аднак, не дапускае сувязі, бо…

«Лукашэнка зацікаўлены застацца ў гісторыі як бацька беларускае незалежнасці. Калі вы былі ў Музеі беларускае дзяржаўнасці, то там усё гаворыць пра тое, што беларуская дзяржаўнасць пачалася з 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады», – заўважае палітолаг.

Але гэта ўласнаручна перапісаная гісторыя. Складаней, калі на твой лёс уплывае Крэмль. Ёсць меркаванне, што Пуцін можа шукаць выйсця для сябе пасля чарговага другога тэрміну прэзідэнтам. Напрыклад, стаць кіраўніком Саюзнае дзяржавы. На Лукашэнку ж можна ціснуць эканамічна і палітычна. Пакуль што.

«Найбольш просты спосаб, тэхнічна рэалізаваны – гэта ліквідацыя, фізічная нават, вярхушкі самога Аляксандра Лукашэнкі, але, я мяркую, ён гэтага асцерагаецца, і таму вельмі моцна бароніць сябе», – кажа палітолаг Алесь Папко.

І некаторыя заявы расейскіх прапагандыстаў гучаць досыць небяспечна для Лукашэнкі.

«Лепш весці стабільнае і поўнае толькі гаспадарчымі клопатамі жыццё кіраўніка Беларускай федэральнай акругі, чым ляжаць у труне пасля палацавага перавароту ці каляровага путчу», – заяўляе Руслан Асташка.

Лукашэнка ўсё добра разумее. І гуляе двайную гульню. У Менску напярэдадні сустрэў еўрапейскіх палітыкаў. А перад візітам – званок Пуціна.

Лукашэнка намякае. А караван ідзе. Адыёзны Вячаслаў Дзіянаў, якога неаднаразова абвінавачвалі ў супрацы са спецслужбамі, у гэтым расейскім наскоку таксама падпявае:

«Беларусы чакаюць расейскіх самалётаў, беларусы чакаюць расейскіх танкаў, беларусы чакаюць расейскіх ракетаў – бо гэта гарант міру на нашай зямлі».

Апытаныя намі менчукі кажуць, што лепш мець незалежнасць, нават не зважаючы на меркаванне Лукашэнкі.

Вось толькі ці спытаюць і самога яго, калі б дайшло да справы?

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Yekaterina Shtukina/ Press Office of the Government of the Russian Federation/TASS/ Forum