Што зменіцца ў Беларусі з 1 лютага?


З сёння крыху большыя мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама дзіцячыя дапамогі. Да росту гэтых выплатаў спрычынілася павелічэнне бюджэту пражыткавага мінімуму.

Жанна Кулакова, эканамістка, тлумачыць: «Бюджэт пражыткавага мінімуму – гэта паказнік, які адлюстроўвае кошт нейкага набору тавараў і паслугаў, якія неабходныя для падтрымання здароўя чалавека. Калі ўтрыраваць, то каб чалавек застаўся жывы, для выжывання».

Гэтым разам бюджэт пражыткавага мінімуму вырас на 8 рублёў 4 капейкі і цяпер роўны 239,87 рублям. Такі ён застанецца да пачатку траўня. Уплывае бюджэт пражыткавага мінімуму на памер пенсіяў. Але не ўсіх, а толькі мінімальных працоўных і сацыяльных. Вырастуць і надбаўкі да пенсіяў для некаторых катэгорыяў грамадзянаў. У сярэднім рост не перавысіць 10-ці рублёў і не закране большасці пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі паводле ўзросту.

«Калі людзі атрымліваюць па 200 рублёў. Ну што гэта? Выбачайце, праязныя каштуюць больш, чым гэтыя 20 рублёў».

«Грошай мала, пенсіі малыя. Я папрацавала ў інстытуце анкалогіі 38 гадоў, на адным месцы. А што зарабіла? Капейкі».

«Гэта пырскі нейкія. Гэта нас не ўратуе, разумееце?».

Лютаўскія змены закрануць і мінімальныя спажывецкія бюджэты, якія адрозніваюцца ад бюджэту пражыткавага мінімуму.

«Гэта больш рэалістычны паказнік, туды ўключаюцца выгоды не толькі для падтрымання здароўя чалавека, але і для забеспячэння ягоных нейкіх сацыяльна-культурніцкіх патрэбаў. Ён амаль удвая вышэйшы. Калі дзяржава аналізуе нешта пра ўзровень жыцця насельніцтва, калі выяўляе людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе: у льготным крэдыце, у нейкай субсідыі, улічваецца менавіта мінімальны спажывецкі бюджэт», – кажа Жанна Кулакова.

Ад 29 да 37. На столькі рублёў вырастуць дапамогі на дзяцей да 3 гадоў. Дапамога на першае дзіця складзе 405,48 рублеў, на другое і наступных – 463,4, на дзіця з інваліднасцю – 521,33. Але найбольш значна выраслі аднаразовыя дзіцячыя выплаты. Пры нараджэнні першага дзіцяці з 1 лютага сям’я атрымае на 80 рублёў больш або 2398,7 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – на 112 рублёў больш – 3358,18 рубля.

Алена Дубовік, «Белсат»