Аб'ектыў 29.01.2018 Што зменіцца пасля рэстаўрацыі Чырвонага касцёлу ў Менску?


Вакол Чырвонага касцёлу – шэры металічны плот: гэтак цяпер выглядае адна з галоўных славутасцяў Менску.

Святыня праходзіць рэстаўрацыю, у межах якой плануецца шэраг захадаў. Згодна з планам, будынак касцёлу наблізяць да першапачатковага выгляду: адновяць разбураныя часткі цаглянага муру і гістарычную канфігурацыю ганкаў, аўтэнтычныя вітражы і дахоўку. Парафіяне адназначна падтрымліваюць рэстаўрацыю.

Аднак рэстаўрацыя прадугледжвае не толькі працы над бажніцаю: спрэчкі выклікаў апублікаваны эскіз трохпавярховай прыбудовы, дзе плануюць размясціць духоўна-адукацыйны цэнтр. З аднаго боку, першапачатковы праект касцёлу таксама прадугледжваў прыбудову. З другога, яна была больш сціплая.

«У дадзеным выпадку мы можам прыйсці да высновы, што ствараецца аб’ект, які па сваіх аб’ёмах і акцэнтах прыцягвае большую ўвагу, чым самая святыня, што ў прынцыпе недапушчальна. Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» правяло супольную нараду з экспертамі, а таксама прадстаўнікамі Касцёлу дзеля абмеркавання праблемных момантаў. У выніку пастанавілі, што перад стварэннем канчатковага плану трэба вызначыць нормы і межы дапушчальнага будаўніцтва. Затым – акрэсліць прызначэнне прыбудовы і яе магчымыя формы», – тлумачыць Таццяна Пятрова, выканаўчая дырэктарка МГА «Гісторыка».

«На сённяшні дзень Беларуская каталіцкая царква адкрытая ў прынцыпе да адэкватных экспертных меркаванняў. І гэта вельмі добра, што зараз наладжваецца нейкі такі дыялог між грамадскай экспертнай супольнасцю і нейкімі іншымі інстытуцыямі», – дадае Таццяна.

Эксперты кажуць, што Касцёл выказвае пазітыўнае стаўленне да грамадскага меркавання і прыслухоўваецца да яго. Адпаведна, рана казаць пра радыкальныя змены ў агульным выглядзе плошчы Незалежнасці ды адной з галоўных беларускіх святыняў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары