Што выйграе Беларусь ад пабудовы міжнароднага порту на Дняпры?


Праз 5 гадоў Беларусь зробіцца марскою дзяржаваю. Падчас Форуму ва Украіне абмеркавалі план будавання порту ля вёскі Ніжнія Жары ў Брагінскім раёне. Адцінак Дняпра ў гэтым месцы мае ўліцца ў міжнародны транзітны шлях, які вядзе да Чорнага мора. Як выканаць праект і не нашкодзіць экасістэме?

5 кіламетраў ад мяжы з Украінаю. Бераг Дняпра ля Ніжніх Жараў, здаўна ўлюбёнае месца рыбакоў, мялее, бо ваду адцягвае Кіеўская гідраэлектрастанцыя.

«Да 2014 года вада была тут заўжды, бо яны карысталіся газам нармальна, ім не патрэбна было столькі электрычнасці, а цяпер на поўную моц «лупяць», таму вады тут няма зусім», – кажа рыбак Юрый.

Звесткі пра будаўніцтва тут праз пяць гадоў паўнавартаснага порту далі мясцовым рыбакам надзею.

«Калі пачысцяць раку, прыйдзе рыба, зробяць фарватар… безумоўна толькі плюсы», – мяркуе рыбак Валерый.

Малую рыбу зменіць вялікая. Дзе плавалі лодкі, пойдуць судны. Эканамічныя выгоды доступу Беларусі да Чорнага мора – відавочныя, кажуць у Міністэрстве транспарту.

«Аб’ём знешнегандлёвых грузаў, якія перавозім марскім транспартам, штогод складае каля 30 мільёнаў тон. […] Транспартуем перадусім праз прыбалтыйскія парты. Будзе магчымасць частку плыні грузаў абслугоўваць уласнаю партовай інфраструктурай, якая забяспечвае апрацаванне судоў рака – мора», – тлумачыць намесніца міністра транспарту Наталля Александровіч.

Дастаўка грузаў у чарнаморскія парты – толькі частка мары беларускага кіраўніка, які прасоўвае праект. Адтуль можна будзе накіроўваць тавары ў краіны прычанаморскага і сяродземнаморскага басейнаў (Балгарыю, Грузію, Турцыю, рэгіёны Расеі). Але мэта – зрабіцца часткаю воднага транспартнага калідору Е40, які цягнецца ад Балтыкі на 2,2 тыс кіламетраў.

У Дняпро ўпадаюць Сож, Друць, Беразіна і Прыпяць, якімі дзяржава плануе дастаўляць тавары з розных прадпрыемстваў Беларусі.

«Усе гэтыя грузы чыгуначным транспартам ці аўтамабільным могуць у разы хутчэй дастаўляцца. Два ключавыя фактары – цана дастаўкі і хуткасць – яны ўжо не на карысць унутранага воднага транспарту. Дадайце сюды дадатковыя этапы перагрузкі, дадайце абмежаванні воднага транспарту ў зімовы перыяд», – выказвае сумнеў Алесь Герасіменка, Бізнес саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў.

Беларускія бізнес-саюзы ў супрацы з вонкавымі экспертамі прыйшлі да высновы, што з-за адсутнасці чыгуначнага спалучэння з Ніжнімі Жарамі праект па аднаўленні воднага шляху Е40 – рызыкоўны.

«Разліковы тарыф Е40, які зрабіў марскі інстытут у Гданьску, апынуўся па большасці таварных груп проста неканкурэнтаздольны з чыгуначным транспартам», – дадае Алесь Герасіменка.

Афіцыйны Менск такіх звестак не падае. Улады Брагінскага раёну цешацца, што порт дасць працу больш як тысячы асобаў, а інфраструктура затрымае моладзь у раёне.

Каб канал прапусціў судны грузапад’ёмнасцю да 3 тысяч тон, рэкам не хапае глыбіні. Толькі сёлета на ўчастку Прыпяці працягласцю 180 кіламетраў ад Мазыру донне паглыбяць на 600 тыс кубаметраў. А з адцінку Ніжнія Жары – Кіеўская ГЭС працягласцю 80 кіламетраў вывезуць каля 400 тысяч кубаметраў глебы.

Гэта выдаткі ў € 20-30 млн.

Па выніках абмеркавання на Форуме ў Жытоміры, міністр інфраструктуры Украіны паабяцаў, што «экацыду» не будзе. Праект з удзелам турэцкага капіталу запусцяць пасля абмеркавання з грамадскасцю тэхніка-эканамічнага абгрунтавання і экаэкспертызаў.

Юлія Цяльпук belsat.eu