Што вядома пра начныя перамовы па газе ўладаў Беларусі і Расеі


Адны – за святочным сталом, іншыя – за сталом перамоваў з Расеяй. Пра тое, як сустрэлі 2020 год жыхары Менску, і якіх вынікаў у гэты час дасягнулі ў Маскве амбасадар Уладзімір Сямашка і міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, распавядзе Аляксандр Папко.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Канцэрт на Кастрычніцкай плошчы, кампанія сяброў, келіх шампанскага і танцы каля ялінкі. Гэтак Новы год сустрэлі некалькі тысячаў жыхароў Менску. Кульмінацыяй свята стала лазернае шоу і салют над Нямігаю, які працягваўся 11 хвілінаў:

«Проста хачу быць шчаслівай у новым годзе. Вось і ўсё!»

«Каб наш народ уздыхнуў!»

«Набірацца новых сілаў, натхнення, браць ад новага года ўсё! Здзяйсняць свае жаданні!»

«Няхай шчасця ў гэтым годзе будзе нашмат больш! Усім любові, удачы, поспехаў, цярплівасці, сілаў і дзякуй, што мы сёння тут!» – такімі спадзяваннямі ад новага году дзяліліся ўдзельнікі святкаванняў.

Сустрэць 2020 год на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі не толькі жыхары, але і госці Беларусі:

«Я сама з Украіны, жыву ў Расеі, а сустракаю новы год з вамі. Сябры, я вас люблю!»

«Мы прыехалі з Масквы для таго, каб сустрэць Новы год у гэтым горадзе, які мы палюбілі. Не першы раз прыязджаем».

«Мы прыехалі сюды з сябрамі з Польшчы і мы вельмі задаволеныя! Мы зычым усім добрага-добрага новага года!»

«Я жадаю ўсім міру! Я прыехала з Гон-Конгу і жадаю, каб мой народ жыў у міры! Дзякуй! Шчаслівага 2020-га!» – жадалі нам турысты.

Пакуль суайчыннікі накрывалі святочныя сталы, чыноўнікі дамаўляліся ў Маскве пра цану на газ. Паразумення ўдалося дасягнуць а 10 вечара.

«Газпром» сёлета паставіць нам каля 20 мільярдаў кубаметраў газу. Цана ранейшая – 127 долараў за тысячу кубаметраў. Праўда, дзее яна толькі ў студзені і лютым. Далей – працяг напружаных перамоваў.

Трываць цяжкасці дзеля імя незалежнасці ў новым годзе заклікаў і Аляксандр Лукашэнка:

«Так! Гэта будзе год цяжкай працы і выпрабаванняў, перамогаў і крыўдаў – усё, як у звычайным жыцці. Але як па-іншаму? Права самастойна выбудоўваць свой лёс лёгка не даецца», – папярэджваў кіраўнік дзяржавы.

А ці глядзелі 26-ю з ліку навагоднюю прамову Аляксандра Лукашэнкі беларусы? Паслухаем жыхароў Менску:

«Не, не глядзела, бо 20 гадоў адное і тое ж!»

«Адное і тое ж, таму не глядзім. І ніхто з дзяцей, унукаў, праўнукаў таксама не глядзеў!»

«Гэта звычайны выступ. Паслухалі, выпілі шампанскага – і ўсё».

«Глядзеў, вядома ж! Пажаданні запомніліся. Усё, як звычайна».

«Як нам цяжка будзе, рыхтуйцеся… Штогод гэта ўжо не хочацца чуць».

Пытанне цаны газу адкладзенае толькі на 2 месяцы, а колькі Менск павінен плаціць за расейскую нафту – дасюль невядома. Прэзідэнт Расеі і прэм’ер заяўлялі, што гатовыя панізіць кошты толькі наўзамен паглыблення інтэграцыі.

Аляксандр Папко belsat.eu