Што вядома пра 18-гадовага нападніка на аддзяленне МУС?


Надзвычайнае здарэнне адбылося ў Віцебскай вобласці. 18-гадовы хлопец напаў на працаўнікоў міліцыі. Версіяў спрэчнага здарэння хапае, аднак пакуль Міністэрства ўнутраных справаў ніякіх падрабязнасцяў не раскрывае.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Існуе некалькі версіяў падзеяў нападу ў навагоднюю ноч. Прэс-служба МУС паведамляе аб затрыманні маладога чалавека. Кажуць, той нанёс нажавыя раненні некалькім міліцыянтам. Перад здарэннем на YouTube з’явілася відэа верагоднага нападніка.

«Вітаю, мяне завуць Глеб Ціханчук. Калі вы глядзіце гэтае відэа, то хутчэй за ўсё, я здзейсніў напад на Верхнядзвінскі РАУС».

У ім малады чалавек заклікае азнаёміцца з ягоным «маніфестам» у Тэлеграм-канале. Там хлопец спрабуе патлумачыць свае дзеянні і заклікае, цытата, «ажыццяўляць акцыі наўпроставага дзеяння, дэстабілізуючы сітуацыю ў краіне і падрываючы рэпутацыю дзейнай улады».

Тым часам Тэлеграм-канал NEXTA сцвярджае, што хлопец не толькі напаў на міліцыянтаў, але яшчэ і кінуў бутэльку з запальнай сумессю на тэрыторыю аддзелу аховы. Нашая здымачная група працуе ў родным горадзе імавернага нападніка.

Жыхары Смаргоні выказалі сваю думку наконт здарэння:

«Усё магчыма, ёсць людзі неадэкватныя. Ёсць, што давядуць чалавека, што даводзіцца яму неяк рэагаваць так. Пакуль не сутыкаешся з міліцыяй, у нас накшталт усё добра, а калі сутыкнешся, можа быць самаму непрыемна, і такія дзеянні будзеш пачынаць».

«Цяжка гэта, вядома, аналізаваць, што ў галаве ў іх цяпер. Гэта малады хлопец, так? Напэўна, віною ўсяму інтэрнэт, мо фільмы нейкія жорсткія».

«Можа, ён быў нападпітку, не ўсведамляў, што робіць. Ніхто ж не ведае, што ён сабе думае, што ў яго можа ў галаве гэтай дзеяцца».

«Калі ён хлопец добры, можа дапякло. У нас можа такое быць».

Былая класная кіраўніца хлопца распавяла, што ў яго было ўласнае бачанне ўсіх правілаў:

«Ён не гнуткі такі, ён не ўмеў прыстасоўвацца, і калі ён лічыў, што гэтага не трэба рабіць, – значыць, не трэба», – кажа Алена Сташкевіч.

На гэты момант сайт Міністэрства ўнутраных справаў не дае ніякай інфармацыі аб нападзе.

Дарʼя Чульцова belsat.eu

Hавiны
Былая настаўніца нападніка на Верхнядзвінскі РАУС: Гэты чалавек апынуўся не ў сваім часе, не ў сваёй эпосе
2020.01.02 14:33