Што варта змяніць у беларускім выбарчым заканадаўстве і як дамагчыся зменаў?


Ці ёсць у беларусаў права выбару? Сёлета і налета маюць прайсці парламенцкая і прэзідэнцкая кампаніі. Да абедзвюх грамадскія актывісты маюць процьму прапановаў. Што менавіта варта змяніць у выбарчым заканадаўстве і як дамагчыся зменаў? Такія пытанні абмеркавалі сёння ў Менску, што праўда, не на афіцыйным узроўні. Падрабязней – Зміцер Міцкевіч.

Кампанія «Права выбару» аб’яднала прадстаўнікоў васьмі палітычных і грамадзянскіх структураў. Яна будзе весці назіранне на парламенцкіх выбарах у 18 са 110 акругаў. Перадусім там, дзе плануюць вылучацца кандыдаты ад арганізацыяў-удзельніц.

Аляксандр Сілкоў, нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару», распавядае:

«Людзі праводзяць інфармацыйна-мабілізацыйную кампанію ў 18 акругах, каб кандыдаты прыцягвалі назіральнікаў – жыхароў гэтых самых акругаў. Гэта самае галоўнае. Каб не проста палітычныя партыі бралі ўдзел, а звычайныя людзі, якія жывуць там, бралі ўдзел у гэтым. А для гэтага трэба працаваць з насельніцтвам».

Назіральнікі плануюць звярнуць асаблівую ўвагу не толькі на чаканыя фальсіфікацыі, але і на ўжо традыцыйны ціск на актывістаў ды кандыдатаў. Вольга Кавалькова, сустаршыня БХД, каментуе:

«Важна, каб Захад рабіў на гэтым акцэнт. Бо зараз наперадзе дзве важныя кампаніі – прэзідэнцкая і парламенцкая, і місія АБСЕ, і міжнародныя назіральнікі будуць тут прысутнічаць. І нашая задача – прадставіць ім і доказы фальсіфікацыяў, і працаваць з уладамі, каб змены ў заканадаўства былі ўнесеныя, і мы пабачылі іншы працэс».

Лідзія Ярмошына паабяцала запрасіць прадстаўнікоў кампаніі на першае паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі пасля абвяшчэння даты выбараў. Маўляў, там назіральнікі змогуць агучыць свае прапановы сябрам ЦВК.

«Тыя змены, якія прымаюцца ў выбарчы кодэкс, маюць альбо чыста тэхнічны характар, альбо абмяжоўваюць правы назіральнікаў і робяць працэс больш жорсткім. Але гэта не кажа, што мы не павінныя над гэтым працаваць, паказваць тыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу, якія варта змяніць», – дадае Вольга Кавалькова.

Сярод прапаноўваў кампаніі – увядзенне відэафіксацыі на выбарчых участках, змены ў датэрміновым галасаванні і фармаванні выбарчых камісіяў. Але можна змяніць сітуацыю да лепшага і без такіх грунтоўных зменаў.

«На сёння дзейнае заканадаўства і так дэмакратычнае па сутнасці. Але пытанне як яго выкарыстоўваць. То бок калі б у нас быў давер да сябраў участковых камісіяў, то не паўставала б пытанняў з датэрміновымі выбарамі. На сёння ўлады ўключаюць у падліковыя камісіі толькі сваіх людзей», – распавядае Аляксей Сігаеў, кампанія «Права выбару».

І што ж варта змяніць у выканні цяперашніх законаў, каб убачыць дэмакратычныя выбары? Аляксандр Сілкоў, нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару»:

«Першае. Прадстаўнікі кандыдатаў ва ўчастковых камісіях з правам вырашальнага голасу. Калі трапляе такі чалавек у камісію, то ўсе ўжо разумеюць, што з ім будзе цяжка дамовіцца. Другое. Вырашыць пытанне з датэрміновым галасаваннем. Каб было некалькі ўчасткаў, дзе людзі могуць прагаласаваць датэрмінова, а астатнія – толькі ў дзень галасавання. І правы назіральнікаў, каб кожны бюлетэнь – кожнаму чальцу камісіі, кожнаму назіральніку».

З 1996-га года ніводную выбарчую кампанію ў нашай краіне заходнія назіральнікі не прызналі свабоднай і дэмакратычнай. І, улічваючы аднаўленне ціску на незалежныя медыі ды грамадскіх актывістаў, добрай волі афіцыйнага Менску да пераменаў нават на такім касметычным узроўні мала хто чакае.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum