Што ўспамінаюць палітыкі аб Плошчы-2010?

«Свечка салідарнасці» – акцыя пад такою назвай прайшла ў Менску. Яе ўдзельнікі прыгадалі драматычныя падзеі 9-гадовай даўніны. Тады, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, дзясяткі тысячаў беларусаў выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыяў.

Палітык Мікола Статкевіч – адзін з кандыдатаў на прэзідэнта 2010 года. Пасля Плошчы адседзеў у турме амаль 5 гадоў:

«Я тут, каб узгадаць той дзень, каб паставіць зніч і памаліцца за здароўе, поспех і шчасце тых людзей і

за поспех нашай краіны. Бо зараз працэс уваходзіць у вырашальную стадыю. Наступны год будзе вырашальным: плошча 2020 пераможа».

Плошча 19 снежня 2010-га – самая масавая ў Беларусі акцыя пратэсту апошняга 10-годдзя.

9 гадоў таму гэтую плошчу запоўнілі тысячы чалавек. У дзень чарговых выбараў прэзідэнта Беларусі яны выйшлі на знак пратэсту супраць вынікаў выбараў. Плошча-2010 была гвалтоўна і жорстка разагнаная: дзясяткі людзей збітыя і параненыя, сотні – за кратамі, шмат каго асудзілі на гады турэмнага зняволення, у тым ліку кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Яшчэ адзін з кандыдатаў на прэзідэнты 2010 года – паэт Уладзімір Някляеў. Па дарозе на Кастрычніцкую плошчу, дзе мелася распачацца акцыя пратэсту, ён быў збіты, імаверна, прадстаўнікамі сілавых структур. Прайшоў СІЗА КДБ, быў пад хатнім арыштам. Тым не менш «Плошчу-2010» Някляеў называе духоўнаю перамогай:

«Героі плошчы, якія прыйшлі пад дубінкі, арышты і пад магчымыя расстрэлы, бо на дахах сядзелі снайперы – яны духоўныя пераможцы. І гэта самае істотнае, што адбылося на Плошчы 2010 года і што адбываецца пры кожным выхадзе беларускіх патрыётаў на вуліцы, каб сказаць «не» гэтаму рэжыму, які знішчае Беларусь».

І да сёння невядома хто і з якою мэтай ініцыяваў разбіванне дзвярэй у Доме ўраду, а таксама стаў галоўным выканальнікам гэтай ідэі. У гэтых дзеяннях звінавацілі пратэстоўцаў: каля 700 чалавек адбылі адміністратыўныя арышты, каля 50 былі асуджаныя паводле крымінальнай справы аб так званых масавых закалотах.

Гэтак, за краты трапіў кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў, а таксама ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп. Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, яна не губляе аптымізму:

«З аднаго боку падаецца, што рэжым узмацняецца: расце колькасць сілавікоў, колькасць нейкіх сілавых структураў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, але адначасна рэжым слабее. Апроч унутраных, з’яўляюцца вонкавыя выклікі – змяняецца свет, і мы змяняемся. Мы выкарыстоўваем іншыя сродкі і тактыкі, і мы пераможам».

Заўтра Ірыну Халіп ізноў будуць судзіць. Гэтым разам за ўдзел у лістападаўскай акцыі «Сустрэча свабодных людзей». А ўвечары на Кастрычніцкай плошчы Менску запланаваная чарговая акцыя за незалежнасць, супраць беларуска-расейскай інтэграцыі.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама