Што ўратуе Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі, і якой падтрымкі чакаць ад ААН


Беларуская рэпрэсіўная машына з яе затрыманнямі і судамі працягвае працаваць, а людзі атрымліваюць гады пазбаўлення волі ў крымінальных справах. Ці можа хто-небудзь дапамагчы беларускаму народу, акрамя яго самога?

«Нічога надзвычайнага, калі можна так выказацца, у параўнанні з папярэднімі вынікамі выбараў, не адбылося. Адзінае, што ў часе расцягнулася. Бо нават вы закрылі ад нас межы», – кажа Лукашэнка ў інтэрв’ю Наілі Аскер-задэ.

«Нічога надзвычайнага», паводле Лукашэнкі, для беларусаў абярнулася самымі маштабнымі рэпрэсіямі за ўсю гісторыю краіны: больш за 33 тысячы затрыманых, а лік крымінальных справаў пераваліў за 900.

З нагоды запісу, дзе гучыць голас, падобны да голасу былога кіраўніка Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй Мікалая Карпянкова, Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да адмысловых спавяшчальнікаў ААН.

«І ёсць спецыяльныя працэдуры – гэта так званыя спецдакладчыкі, да якіх мы і звяртаемся. Я маю на ўвазе беларускія праваабарончыя арганізацыі, і задзейнічаем такім чынам спецыяльную працэдуру ААН, у межах якой гэтыя спецдакладчыкі мусяць накіраваць адпаведныя захады да ўладаў Беларусі з патрабаваннямі тлумачэння вось гэтай сітуацыі. І таксама вярхоўны камісар ААН», – распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Кажучы пра ААН, праводзіць нейкую працу можна толькі ў межах тых міжнародных дамоваў, якія Беларусь ратыфікавала. Чакаць вонкавага ўмяшання ці іншых маштабных дзеянняў не варта, падкрэслівае праваабаронца.

«Можа, тут не дапамога, а менавіта інфармацыя».

«Мы як народ павінны, канечне, не разлічваць, што дапамога прыйдзе менавіта з Захаду ці нейкіх там замежных краінаў. Мы павінны выканаць сваю частку, зрабіць сваю працу».

«Трэба звяртацца да сусветнай супольнасці, каб не дапусціць 1937 года, каб не дапусціць 1941 года, 1942-га», – разважаюць жыхары і госці Менску.

Уратаваць Беларусь могуць толькі самі беларусы, мяркуе Валянцін Стэфановіч.

«Я б хацеў заклікаць прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, праваахоўных, прытрымлівацца няўхільна закону і не паддавацца на такога кшталту розныя рэчы, правакацыі ды не кіравацца загадзя злачыннымі загадамі, якія зыходзяць ад людзей, надзеленых уладай», – кажа Валянцін Стэфановіч.

На 16 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 185 асобаў.

Надзея Бельская, «Белсат»