Што тармазіць развіццё IT-бізнесу ў Беларусі


Беларусь увайшла ў топ-10 спрыяльных блокчэйну краінаў. А пазіцыя ў рэйтынгу магла б быць яшчэ вышэйшая, калі б не адно «але», адзначаюць эксперты. Як і чаму краіна падаткаў ды суворых законаў робіцца адным з сусветных IT-лідараў?

Швейцарыя, Вялікая Брытанія, Данія, Нідэрланды… і Беларусь! Гэта – пералік самых прыязных краінаў для крыптавалютаў і блокчэйн-праектаў, паводле канферэнцыі «BlockShow Europe 2018».

Жыхары Менску кажуць:

«Я сам працую ў IT-кампаніі і я бачу, што ў нас дастаткова моцныя спецыялісты».

«Нашыя IT-спецыялісты – гэта нават «Танкі», хоць і прымітыўны прыклад, але ўвесь свет гуляе, яны з’язджаюць у Крэмніевую даліну, таму я думаю, Беларусь будзе на кані – у нас вельмі шмат разумных людзей».

«Трэба гэтаму вучыць. Проста ў нас усе людзі, якія гэтым займаюцца, яны самавучкі».

Высокія спадзяванні на Беларусь аўтары даследаванняў ускладаюць праз легалізацыю разумных інтэрнэт-кантрактаў ды нулявы падатак на крыптавалюты, які ўлады Беларусі абяцаюць захаваць да 2023 года. Але ёсць і перасцярогі.

«Гэтыя кампаніі, калі яны прыходзяць у Беларусь, яны шукаюць не толькі добрых умоваў для свайго экспартнага рынку, але і ў тым ліку ўнутранага рынку і ўнутраных развітых фінансавых інстытутаў. Напрыклад, пакуль што няясна, як рэзідэнты ПВТ будуць узаемадзеяць у разліках крыптавалюты з банкамі. Бо банкі пакуль не маюць такой інфраструктуры», – адзначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Ісці наперад, не баяцца рызыкаваць і адчыняць новыя кірункі… прапаноўваў Лукашэнка, прэзентуючы дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. Галоўныя мэты дакументу – прыцягнуць сусветныя IT-кампаніі ў Беларусь, стварыць адпаведныя кадры ды адукацыю, інвестуючы ў будучыню і ўкараніць самыя сучасныя фінансавыя інструменты і тэхналогіі.

«Карацей, скажу па-народнаму: я павёўся на вашыя ўсе прапановы, часам не ўнікаючы ў некаторыя, бо мне вельмі доўга давядзецца разбірацца, каб паглыбіцца, шчыра вам скажу», – казаў Лукашэнка.

Тым часам заробкі праграмістаў – ужо самыя высокія ў краіне. Што праўда, удзел галіны ў ВУП складае толькі каля пяці адсоткаў, а іншыя галіны айчыннай гаспадаркі зусім не цешаць аптымістычнымі звесткамі. Гэта, на меркаванне экспертаў, можа адштурхоўваць патэнцыйных крыптаінвестараў. Маўляў, яны хочуць укладаць грошы ў развітыя краіны з паспяховаю фінансавай інфраструктурай і прадказальнымі ўмовамі працы.

«Кепскі дзелавы клімат у Беларусі і адсутнасць празрыстай сістэмы прыняцця законаў праз парламент, празрыстай сістэмы абароны сваіх правоў праз суды, безумоўна, перашкаджаюць прыходу ў Беларусь інвестараў як у традыцыйныя галіны эканомікі, гэтак і ў высокатэхналагічныя ды лічбавыя», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Застаецца спадзявацца, што ўлады Беларусі панадзяцца прымаць такія ж рэвалюцыйныя дакументы і ў іншых сферах. Асноўныя праблемы, з якімі трэба змагацца, на думку адмыслоўца, – гэта высокі дзяржаўны доўг і развязанне пытанняў з пераходам ад адміністрацыйна-камандавай да рынкавай сістэмы кіравання. Толькі тады можна разлічваць на высокія пазіцыі і ў іншых рэйтынгах.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko