Што такое «невідушчы» футбол


Зоркі беларускага футболу выпрабавалі сябе ў экстрэмальных умовах – пачалі гуляць усляпую разам са спартоўцамі-інвалідамі зроку. І апынулася, што футбол у цемры – гэта вельмі няпросты спорт. Мэта турніру, які распачаўся ў менскім парку Горкага – зблізіць футбалістаў з рознымі магчымасцямі і дапамагчы стварыць новую паралімпійскую каманду Беларусі.

«Невідушчы» футбол – унікальная гульня, дзе арыентавацца даводзіцца выключна на сваю інтуіцыю, дотык і слых. А вось хуткасць і небяспечнасць, неабходнасць правільнага прыняцця пастановаў – зусім як у вялікім футболе.

«У Беларусі гэты від спорту яшчэ толькі пачынае развівацца. Хоць мы гуляем у яго ўжо дзесьці гадоў восем, камандаў пакуль усцяж мала», – адзначае гулец зборнай Віцебскай вобласці Юрый Ардынаў.

Да таго ж дзяржава не мае грошай, каб адправіць футбалістаў на чэмпіянаты Еўропы ці міжнародныя турніры, адзначаюць футбалісты. А без гэтага цяжка павышаць узровень майстэрства і набірацца досведу, мяркуе трэнер.

«Тут не важна, колькі разоў ты падаеш, а важна, колькі разоў падымаешся і куды рухаешся. Гэта і ёсць самае галоўнае – умець ды навучыцца пераадольваць сітуацыю, у якой ты апынуўся», – кажа трэнер паралімпійскай зборнай па футболе Алег Кірылаў.

А сацыяльная адказнасць брэнду «Фольксваген» дапамагае пераадольваць цяжкасці ў збліжэнні здаровых з тымі, у каго магчымасці абмежаваныя.

«У нас у грамадстве ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з інклюзіяй такіх людзей у грамадства, таму мы хацелі б узняць гэтае пытанне, асвятліць гэтую праблему, у тым ліку падтрымаць іх, прыцягнуць увагу да іхных поспехаў», – тлумачыцьPR-менеджарка Ганна Тукаль.

У тым ліку – і з дапамогаю зорак. Руслан Аляхно, Дзядзя Ваня ды іншыя музыкі і тэлевядоўцы стварылі каманду «Арт-старс», аб’яднаўшыся з часткаю футбалістаў зборнай Беларусі ў катэгорыі B1 (цалкам невідушчымі). Для роўнасці – усе з завязанымі вачыма.

«Насамрэч вельмі цікава і ў той жа час вельмі ўзрушвае», – кажа музыка Руслан Аляхно.

Па другі бок поля – гульцы салігорскага «Шахцёра» і невідушчыя футбалісты зборнай Віцебскай вобласці. Мацнейшымі апынуліся «Арт-старс» і зборная Беларусі ў катэгорыі В1 – 1:4.

Але ж гэта толькі пачатак. «Турнір па інтуітыўным футболе «Фольксваґен Кап» («Volkswagen Cup») з камандамі розных ступеняў невідушчасці працягнецца ажно да жнівеньскага фіналу ў Менску. Магчыма, за гэты час і дзяржава зверне больш увагі на гэты від спорту.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»