Што станецца з 70-кватэрным домам, што будуецца на костках 990 чалавек?


Парэшткі 990 асобаў – вязняў былога габрэйскага гета – знайшлі падчас будоўлі элітных дамоў у Берасці. Улады гораду пастанавілі пасеяць на месцы масавага пахавання часу Другой сусветнай газон. Аднак гэткае ўшанаванне грамадскасць не задавальняе.

Новы дом на 70 кватэр – а пад ім чалавечыя парэшткі – амаль тысяча. У кастрычніку 1942 году ў гэтым месцы ў Берасці былі гэтак званыя «растрэльныя двары».

Інвестара ўлады чакалі даўно – квартал быў у заняпадзе. А адкрыццё паховішча мала каго здзівіла: гэта тэрыторыя былога гета ля добра знанай гараджанам Ямы. Чаму будова ўсё ж з’явілася? 13 сакавіка на адмыслова скліканай прэс-канферэнцыі сваю пазіцыю выказаў кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук:

«У прынцыпе, як мы цяпер разумеем, улічваючы, што ў гэтым месцы было гета, мы падазравалі, што таму будуць паховішчы. Вось, на мапе яшчэ 1938 году – вось гэты пляц, і тут было знойдзенае паховішча. Таму інвестару мы рэкамендавалі пачынаць забудову толькі ўздоўж першай лініі, уздоўж вуліцы Машэрава».

Аднак на плане на сайце інвестара выразна бачна, што дом, збудаваны літарай «Г», зойме больш месца а заканадаўства ў галіне аховы гістарычнага цэнтру мае дакладныя нормы, нагадвае доктарка мастацтвазнаўства ў галіне ўрбанізацыі і архітэктуры Ірына Лаўроўская:

«Перад тым, як прымаецца рашэнне аб будаўніцтве, тэрыторыя павінна даследавацца, вывучацца, гістарычная даведка павінна быць напісаная, а калі навукоўцы пішуць даведку – яны правяраюць усю інфармацыю, якая ёсць пра гэтае месца».

Для кіраўніка гарвыканкаму Аляксандра Рагачука адкрыццё такога буйнога паховішча стала нечаканым, але будаўніцтва спыняць не плануецца:

«Фундаменты будучага будынку кладуцца не на паховішча. Але 990 чалавек на сёння – гэтай лічбы не чакаў ніхто».

На месцы знаходкі працуе цяпер спецыяльная брыгада з Міністэрства абароны. Габрэйскія абшчыны Берасця заклікаюць парэшткі перапахаваць, а месца расстрэлу пазначыць памятнай дошкай, кажа Яфім Басін, кіраўнік габрэйскай абшчыны:

«Перапахаваць і па магчымасці размясціць на месцы перазахавання годны памятнік, а там, дзе людзі былі расстраляныя, зрабіць сквер і размясціць памятную дошку».

Рэгіна Сіманенка з габрэйскай грамадскай арганізацыі «Брыск» падкрэсліла, што пра яму на Куйбышава як пра месца масавых паховішчаў краязнаўцы пісалі яшчэ ў 1999-м:

«Гэта жахліва, калі інвестар ведаў, яму пра гэта паведамілі, і тыя, хто паведаміў, дазволіў усё ж пачаць гэтае будаўніцтва!»

Ці зменіцца стаўленне патэнцыйных пакупнікоў цяпер – калі яны ведаюць, што ў некалькіх метрах ад фундамента нядаўна было паховішча, а магчыма – яно цягнецца і шырэй, пад нованабытае жытло? Жыхары Берасця гавораць згодна:

«Будоўлі і так ніхто не спыніць, але памятны знак павінен быць».

«Можа, помнік архітэктуры застаўся б».

«Катэгарычна супраць забудовы. Адмоўна ставімся. Там трэба паставіць помнік».

«Помнік, зразумела, трэба зрабіць».

Інвестар – «Прыбужскі квартал» – на пытанне пра рэакцыю на знойдзенае паховішча не адказаў, а мэр Берасця трымае добрую міну і цвёрдую пазіцыю:

«Ставіць помнік – мы гатовыя, але калі замарозіць будоўлю – што далей? Потым мы замарозім плошчу Леніна? Давайце да абсурду давядзем гэтую тэму».

На сваім сайце інвестар звяртае ўвагу патэнцыйных пакупнікоў між іншага на размяшчэнне абʼекту: «Новая пабудова зʼявіцца ў межах гістарычнага цэнтру Берасця на месцы зруйнаваных пабудоваў па праспекце Машэрава».

Пра габрэйскае гета згадкі там няма, таму цікава задумацца: ці гаворачы пра гістарычныя цэнтры і ўвогуле – пра гісторыю, мы маем на ўвазе брунатную дахоўку «пад старыну», ці ўсё ж сваю сапраўдную мінуўшчыну, часам, зусім нядаўнюю. І варта прыгадаць словы сэра Чэрчыля: «Народ, які не помніць сваё мінулае, не мае будучыні».

В. Г., belsat.eu