Што сапраўды шукае Лукашэнка ў Грузіі?


Асабліва важным падчас грузінскага візіту Лукашэнкі сталіся перамовы з прэзідэнтам Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі. Па выніку бакі падпісалі дамову пра асновы супрацы паміж дзвюма краінамі. Кіраўнік Беларусі заявіў пра намер павялічыць таваразварот паміж краінамі да 200 мільёнаў долараў за год. Планы сапраўды буйныя, бо на канец мінулага года гэты паказнік складаў каля 100 мільёнаў долараў.

«Я думаю, што ў выніку гэтых двухдзённых сустрэч мы знойдзем і іншыя шляхі паставак тавараў у Беларусь і наадварот – тавараабмен каб ішоў больш актыўна», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, паводле экспертаў, тыя метады, якімі беларускае кіраўніцтва збіраецца працаваць на эканамічным полі, выклікаюць пытанні. Гэтак, заявілі пра стварэнне адмысловае кампаніі, якая будзе адказваць за беларускі гандаль з Грузіяй.

«Фактычна, гэта ўтвараюцца дзяржаўныя манапалісты. А што такое дзяржаўныя манапалісты? Гэта, уласна кажучы, адмоўная эфектыўнасць, гэта карупцыя. Карацей кажучы, дасягненне заяўленай задачы пры захаванні той сітуацыі і тых падыходаў, якія дэманструе беларускае кіраўніцтва да эканомікі і знешнеэканамічных сувязяў, хутчэй за ўсё, будзе недасягальным», – мяркуе палітолаг Яўген Красулін.

Грузіі вельмі важнае развіццё інфраструктуры ды транспарту

Відавочна, што тут Лукашэнка ўбачыў вялікую нішу для айчыннай буйной прамысловасці і нават прэзентаваў Гіёргі Маргвэлашвілі трактар беларускай вытворчасці. Выглядае як таргетаваная рэклама.

«Беларусь можа прапанаваць шырокую гаму складанатэхнічнай прадукцыі: ад пасажырскіх аўтобусаў да электробусаў, да спецыяльнай і пажарнай тэхнікі. Літаральна на днях у Тбілісі пачала функцыянаваць сумесная прадпрыемства па вытворчасці ліфтаў», – падзяліўся кіраўнік Беларусі.

Эканоміка – не галоўная мэта візіту Лукашэнкі

Грузія, маючы добрыя стасункі са Злучанымі Штатамі Амерыкі і краінамі Еўрапейскага Звязу, ужо неаднаразова дапамагала Беларусі наладжваць дыялог з Захадам. Выглядае, што і цяпер Лукашэнка шукае дыпламатычнага падтрымання ў нармалізацыі дачыненняў з заходнімі дзяржавамі.

«Праз гэтыя асабістыя сувязі, праз кулуары можа быць аказаны пэўны ўплыў на той жа еўрапейскі істэблішмент дзеля таго, каб паспрыяць, прасоўванню іміджу беларускага кіраўніцтва на Захадзе», – кажа спадар Красулін.

Да таго ж, у Грузіі цэняць пазіцыю Беларусі, якая не прызнала незалежнасці захопленых Расеяй рэгіёнаў краіны – Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Таксама вызначальную ролю можа адыграць фактар добрых асабістых стасункаў паміж Лукашэнкам і грузінскімі першымі асобамі. Бо раней, як вядома, інтарэсы Беларусі на Захадзе дапамагаў прасоўваць апальны цяпер Міхэіл Саакашвілі, былы прэзідэнт Грузіі ды кіраўнік Адэскай вобласці Украіны.

«Ведаеце чаму я заўжды дзякаваў Саакашвілі? Я быў яму ўдзячны. Ніхто за нас так не ваяваў, гэта агульнавядомы факт, на Захадзе, як Саакашвілі! Ніхто ніколі!», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Таму гэты візіт Лукашэнкі паказвае вялікае значэнне Грузіі для Беларусі як з палітычнага, гэтак і эканамічнага бакоў. Толькі як будуць выкарыстаныя такія магчымасці для беларускага рэжыму – гэта ўжо вялікае пытанне.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: David Mdzinarishvili / Reuters / Forum