Аб'ектыў 14.02.2019 Што сеяць у Беларусі, каб не стала пуста ў бюджэце


Сярэдняя ўраджайнасць зерневых культураў у Беларусі – каля 30 цэнтнераў на гектар. Гэта прынамсі на траціну менш, чым у Польшчы ды Украіне. Аднак ад дзяржаўных аграпрамысловых комплексаў у дырэктыўным парадку патрабуюць займацца вырошчваннем збожжа.

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, тлумачыць:

«Калі ідэя ўзнікла забяспечваць сябе ўсім, у тым ліку і пшаніцай, і мукой, адмыслоўцы толькі здзіўлена паціснулі плячыма. Бо навошта нам займацца непатрэбным, там дзе мы неканкурэнтаздольныя?»

І вось летась Расея павялічыла продаж прадукцыі аграпрамысловага комплексу ў Беларусь ажно на 20 адсоткаў у параўнанні з 2017 годам. Часткова тое тлумачыцца самым нізкім ураджаем збожжа за апошнія 17 гадоў у Беларусі. Праблема сельскагаспадарчага імпарту моцна трывожыць кіраўніцтва краіны. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Знахабіліся да крайняй ступені! Завозяць усё, што папала! Тое, што вырабляецца ў краіне і за што сплачаныя падаткі. Сваё ляжыць, гніе недзе, а мы ўсё вязем з-за мяжы! Бачыце, там якасць! Ці на рубель танней!»

Летась на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі Расея пачала зарабляць на траціну больш, чым на экспарце зброі: 25 мільярдаў долараў супраць 16. Але ёсць і сектары, дзе Расея дагэтуль залежная ад імпарту харчоў. Ганна Чарапанава, кандыдат эканамічных навук, РФ, распавядае:

«Нават «Рассельгаснагляд» адзначае, што на рынку сыру фальсіфікат дасягае 80 %. І незалежныя спажывецкія таварыствы пацвярджаюць прыблізна тую ж лічбу. То бок закрылі рынак, сталі прымяняць пратэкцыянісцкія меры, але вытворцы не змаглі задаволіць патрэбаў людзей».

Перадусім Расея пастаўляе ў Беларусь збожжа, а таксама рыбу і морапрадукты – тое, чаго не стае ў нас. А самыя маюць патрэбу ў беларускіх мяса-малочных вырабах. Ганна Чарапанава, кандыдат эканамічных навук, РФ:

«Расея пастаўляе ў Беларусь сырую нафту, прадукцыю хімічнай, металургічнай прамысловасці – фактычна сыравінныя тавары і тавары першага перадзелу. Вось так гэта і захоўваецца, такая структура экспарту. Мы вывозім сыравіну, а ў абмен атрымліваем харчы».

У Беларусі існуюць прадпрыемствы – перадусім прыватныя, – якія вырабляюць мяса-малочныя прадукты выключна для расейскага рынку, да айчынных прылаўкаў тая ежа не даходзіць. Не дзіва, што пры такім раскладзе айчынныя прыватныя гаспадаркі ў 40 разоў больш рэнтабельныя за дзяржаўныя. Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, гаворыць:

«Калгасы знішчылі ўсё, што толькі магчыма. І самае прыкрае і пагрозлівае, што знішчылі не ў плане вытворчасці, а ў плане матывацыі людзей на сяле працаваць эфектыўна. Мы бачым, што на сяле пануе дэградацыя».

Улады праблему бачаць. Летась Лукашэнка забараніў банкрутаваць стратныя калгасы ды вылучыў 30 мільёнаў долараў практычна дармовага крэдыту, каб прадпрыемствы разлічыліся за тэхніку. А міністр унутраных справаў Шуневіч увогуле прапанаваў стварыць аграрныя прадпрыемствы, у якія накіроўваць былых асуджаных. Пакуль дапамагае не вельмі.

Дзе пасееш густа, там не будзе пуста – здаўна кажуць беларусы. Толькі галоўнае пытанне цяпер – што сеяць ды якім чынам арганізоўваць гэты працэс, каб пуста не было ў дзяржаўным бюджэце ды нашых з вамі лядоўнях.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары