Што рабіць, калі камунальныя службы бяруць грошы, але не працуюць?


Ёсць новыя спосабы іх кантраляваць – адразу праз мабільнік. Вядомы партал 115.бел ахоплівае ўсё новыя гарады, і вось чарга дайшла да Магілёва. Вынікі першых двух месяцаў працы 115.бел у культурнай сталіцы – у наступным рэпартажы.

Глыбокая неспадзяванка на вялікай вадзе… Сяргей Пехцераў зафіксаваў 12 дарожных ямінаў на ўчастку дарогі між вуліцамі Астроўскага і Вялікая Чавуская ў Магілёве. Фота – накіраваў уладам праз сэрвіс 115.бел. Сяргей Пехцераў, карыстальнік 115.бел:

«Усё залежыць ад таго, якая праблема. Дарожныя праблемы будуць вырашацца толькі вясною, але падаваць трэба цяпер, бо фармуецца бюджэт на рамонт гэтых ямін. А, напрыклад, пад‘езды – укруціць лямпачку – хутка вырашаецца – за 2-3 дні».

115.бел – старонка ў сеціве і прылада на тэлефоне, даступная для жыхарам каля дваццаці гарадоў. Фатаграфуеш праблему, рэгіструешся на партале, выбіраеш раздзел, далучаеш здымак і апісанне сітуацыі. У Магілёве сэрвіс працуе 2 месяцы і жыхары накіравалі праз яго 530 заявак, і ледзь ні палова – ужо вырашаныя пытанні.

«Я думаю, улады апынуліся не гатовыя, таму што звароты не адразу апрацоўваліся, але з часам, мяркую, сітуацыя пойдзе ў лепшы бок», – кажа Сяргей Пехцераў.

Гэтак замест пустых нараканняў можна хутка і эфектыўна ўплываць на сацыяльныя праблемы. Грамадскі актывіст з Менску – Антон Матолька – аб’язджае рэгіёны, каб навучыць нас карыстацца дзяржаўным сэрвісам.

«115.бел для развіцця грамадзянскага грамадства, магчыма, зрабіў больш, чым некаторыя нашы НДА», – каментуе Антон Матолька, праект #мотолькопомоги.

Праўда, у некаторых гарадах сістэма працуе менш эфектыўна. Напрыклад, у Віцебску заяўкі грамадзянаў не разглядае ніхто(!), а ў Салігорску – маланкавае выкананне людскіх патрэбаў на кантролі ў старшыні гарвыканкаму. Апроч таго, старонка дазваляе структурызаваць заяўкі і паглядзець, у якіх раёнах паслугі ЖКГ мелі завышаны кошт.

«Есць унутраная інфармацыя, што некалькі супрацоўнікаў дэпрамаваныя, звольненыя, а некаторымі заняўся і Дзяржкантроль у тым ліку. У фармаце гораду, калі мы пра Менск скажам, можна было вылічыць, дзе якія карупцыйныя схемы адбываліся доўгі час», – гаворыць Антон Матолька.

На паляпшэнне жыцця і адстойванне грамадзянскіх правоў працуе таксама пазадзяржаўная платформа Petitions.by – «Зручны горад». Магілёўцу Леаніду Платоненцы больш да спадобы звяртацца да ўладаў праз петыцыі. Апошняя з іх – ратуе зялёную зону Дубровенка. Леанід Платоненка, аўтар шэрагу петыцыяў:

«Цяпер Дубровенка ўяўляе сабой зялёную, добраўпарадкаваную прагулачную зону. І літаральна праз год гэта можа быць забудавана дамамі з кучай машын. І смогам. Гэтая тэрыторыя перастане быць такой прыгожай».

Праз «Зручны горад» прайшло 1792 петыцыі, з якіх 75 адсоткаў атрымалі адказ дзяржаўных органаў. Прадстаўнік інтэрнэт-праекту – Антон Матолька развейвае міф, што петыцыі маюць вырашаць выключна вялікія праблемы. Праект адкрыты для лакальных пытанняў:

«Вельмі шмат прыкладаў, калі людзі пачыналі з 115.бел, заканчвалі петыцыямі (як бы гэта смешна ні гучала), выходзілі на сустрэчы ў дзяржорганах і вырашалі свае праблемы, іншыя праблемы і дапамагалі іншым вырашаць праблемы».

Людзі лепш за любыя службы ведаюць свой дом, двор і раён. Заяўкі і петыцыі дапамагаюць камунальнікам правільна вызначыць кірунак працы і накіраваць грошы на самае неабходнае.

Анастасія Русецкая, belsat.eu