Што прагназуюць палітолагі «зялёнай» Радзе Украіны?

Украіна абрала новую Вярхоўную раду. Поспех каманды Зяленскага пераўзышоў усе прагнозы. Паводле апошніх звестак Цэнтрвыбаркаму, партыя «Слуга народу» атрымала каля 43 адсоткаў галасоў. Што абяцаюць народу ягоныя «слугі», ды чаго варта асцерагацца ў звязку з прыходам у Раду новых імёнаў і твараў?

Зяленскі, як і абяцаў, ізноў усіх зрабіў. Партыя прэзідэнта «Слуга народу» святкуе перамогу на парламенцкіх выбарах. У Раду праходзяць таксама прарасейская «Апазіцыйная платформа – За жыццё», партыі Пятра Парашэнкі, Юліі Цімашэнкі ды Святаслава Вакарчука.

Калі верыць папярэднім падлікам, «Слуга народу» можа ўзяць у Радзе нават 250 з 450 месцаў. Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«Я хачу падзякаваць нашай вялікай камандзе. Разумкоў, малайчына! Усе малайцы!»

Упершыню ў найноўшай гісторыі ўкраінцы шляхам дэмакратычных і празрыстых выбараў сканцэнтравалі ўсю паўнату ўлады ў руках адной сілы.

«Вельмі важна, каб прыйшла зладжаная каманда, зараджаная на вынік. Толькі не на тое, на што звычайна зараджаюцца нашы народныя дэпутаты, а на змены ў гэтай краіне», – каментуе Дмытро Разумкоў, лідар партыі «Слуга народу».

Большасць у парламенце партыя «Слуга народу» атрымала ў тым ліку дзякуючы мажарытарнікам, сярод якіх нямала зусім ужо далёкіх ад палітыкі постацяў: вядоўцаў карпаратываў, актораў камедыйнага жанру, ёсць нават 29-гадовы вясельны фатограф. Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні кажа:

«Натуральна, гарантаваць, што ўсе 100 адсоткаў будуць якаснымі заканатворцамі, немагчыма. Мой уласны прагноз: прыкладна 30 % з іх будуць працаваць вельмі няякасна. Прычым гэта датычыць і партыі «Голас», усіх маладых людзей».

Як сцвярджае эксперт, тое, што новыя і недасведчаныя абышлі даўніх гульцоў, даказвае: традыцыйная для Украіны перадвыбарчая грэчка разам з чорным піярам не спрацавалі. Апроч таго, у Рады з’явіўся рэальны шанец пачаць абяцаную маштабную барацьбу з карупцыяй.

«Калі ў Вярхоўнай Радзе, што сыходзіць, больш за 270 дэпутатаў кантралявалі фінансава-прамысловыя групы, то цяпер, калі такіх набярэцца хаця б сотня, гэта ўжо будзе поспех для алігархаў. А што такое сотня? Не большасць. Значыць, змяняецца баланс сілаў, і могуць прымацца законы, якія супярэчаць інтарэсам алігархічных групаў», – каментуе Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні.

Самі маладыя і новаабраныя ўжо адчуваюць маштаб будучай барацьбы. Яны ўсведамляюць, што адчыненае перад імі акно магчымасцяў можа зачыніцца ў бліжэйшыя паўгода-год, калі рэйтынг прэзідэнта і партыі пачне традыцыйна спаўзаць уніз.

Святаслаў Юраш, кандыдат у дэпутаты, «Слуга народу»:

«У нас будзе шмат перашкодаў, людзей, што сябе дыскрэдытавалі, якія 20 гадоў былі ў палітыцы ў розных ролях, паказалі ўсё, што маглі. Для нас заданне – не глядзець на іхныя памылкі, не рабіць іхнага выбару, які нас прывёў да разбітага карыта. Усё рабіць інакш».

Андрэй Герус, кандыдат у дэпутаты, «Слуга народу»:

«Каб рэформы прыносілі пазітыў звычайнаму ўкраінцу, важная комплекснасць, хуткасць і справядлівасць. Тады давер грамадства будзе на высокім узроўні».

Галасы яшчэ лічаць, але ўжо зразумела, што новы парламент бʼе ўсе рэкорды ў абнаўленні. Цяпер маладым і «зялёным» дэпутатам давядзецца выслужвацца перад народам, што паверыў практычна на слова.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Глядзі таксама