Што небяспечней, каронавірус ці грып?


Не мясцовыя сувеніры, не сонечныя акуляры ды не сэлфі-палкі – вулічныя гандляры ў італьянскіх гарадах прадаюць цяпер медычныя маскі. Італія заняла чацвёртае месца ў свеце паводле распаўсюджанасці каронавіруса – пасля Кітаю, Японіі разам з круізным лайнерам і Паўднёвай Карэі.

«Я прадаю іх па 10 еўраў за кожную», – кажа прадавец масак з Мілану. – І на пытанне ці людзі іх набываюць, удакладняе: «Так, менавіта. Я някепска зарабляю».

У сувязі з найбольш сурʼёзным у Еўропе выбухам інфекцыі ў Італіі дзясяткі гарадоў закрыліся на каранцін, раней за тэрмін скончыўся Венецыянскі карнавал, адмяніліся спартовыя спаборніцтвы, заняткі ў школах і ўніверсітэтах.

«Мы ведаем, што гэта заразна, але лекуецца. На шчасце, я не маю іншых праблемаў са здароўем, таму адзінае, што я магу зрабіць, – пастарацца перадухіліць».

«Мы стараемся рабіць захады перасцярогі ў вялікіх гарадах, каб перадухіліць заражэнне, хоць я і думаю, што ў гэтым ёсць пэўная паніка», – кажуць жыхары Мілану.

Не зважаючы на тое, што апошнімі днямі колькасць людзей, інфікаваных каронавірусам па-за межамі Кітаю рэзка павялічылася, Сусветная арганізацыя здароўя сцвярджае: некантраляванага глабальнага распаўсюду вірусу ўсё ж няма.

«Раптоўнае павелічэнне колькасці новых выпадкаў, безумоўна, вельмі трывожыць, але я настойваю на неабходнасці трымацца фактаў, а не страху. Выкарыстанне слова «пандэмія» не адпавядае фактам, але безумоўна можа выклікаць страх», – тлумачыць кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус.

Пасля таго як стала вядома, што двое грамадзянаў Сербіі – чальцы экіпажу лайнера «Diamond Princess» – заразіліся каронавірусам, міністр аховы здароўя краіны Златыбар Лончар нагадаў суграмадзянам, што і звычайны грып – небяспечная інфекцыя:

«Паводле найноўшай інфармацыі, толькі ў Злучаных Штатах 26 мільёнаў чалавек заразіліся грыпам і 14 тысячаў з іх памерлі. Афіцыйныя звесткі паказваюць, што 98 адсоткаў хворых на каронавірус выздараўліваюць без ускладненняў. Няма прычынаў для панікі».

Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі здароўя, ад звычайнага грыпу і ўскладненняў ад яго штогод у свеце паміраюць прыблізна 650 тысячаў чалавек. Толькі ў Нямеччыне з пачатку кастрычніка праз грып памерлі 130 чалавек.

У Беларусі традыцыйна падʼём захворванняў на грып прыпадае на люты. Больш за 40 адсоткаў беларусаў зрабілі прышчэпкі ад грыпу, і, паводле Міністэрства аховы здароўя, гэтага дастаткова, каб пазбегнуць эпідэміі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»