Што набыць на 92 капейкі? На столькі вырас пражыткавы мінімум


92 капейкі. На такую суму сёння павышаюць бюджэт пражыткавага мінімуму. Цяпер ён будзе складаць амаль 232 рублі. Журналісты «Белсату» спыталі менчукоў, многа гэта ці мала?

Бюджэт пражыткавага мінімуму пераглядаюць кожныя 3 месяцы, і ў суадносінах з яго павелічэннем павышаюцца некаторыя сацыяльныя выплаты. Што пра павышэнне бюджэту пражыткавага мінімуму на 92 капейкі думаюць менчукі?

«Нават хлеба не купіш за 92 капейкі».

«Гэта, вядома, не істотна. Пенсіянер, які працуе, пражыве. А так чалавеку цяжка».

«Можна толькі пасмяяцца. Паўтара талона на праезд», – кажуць жыхары Менску.

Мы ў сваю чаргу правялі свой эксперымент і пашукалі ў сталіцы прыклады таго, што менчукі могуць сабе дазволіць на гэтыя 92 капейкі. Гэта на выбар:

  • палова бохана хлеба
  • адна курыная галёнка
  • 5 яек
  • пластыр
  • 3 вафлі «Вітоша»
  • «Народная газета»

Зайшлі мы і ў бар:

– Добры дзень! Скажыце, што ў вас можна купіць за 92 капейкі?

– На жаль, нічога. Магу сіропу вам мятнага наліць.

Але нават у такім нязначным падвышэнні некаторыя эканамісты бачаць плюсы. Леанід Заіка з аналітычнага цэнтру «Стратэгія» адзначае:

«Гэта цікавы такі прыём сацыяльны, прапагандысцкі. Неяк усе глядзяць: павысілася пенсія з 1 лістапада. Палічаць, а там яна павысілася на рубель-два, магчыма, болей. Але калі ты жывеш на 100 рублёў на прадукты харчавання на месяц, магчыма, рубель акурат і спатрэбіцца, ён не дасць табе памерці».

Наступны пераразлік бюджэту пражыткавага мінімуму адбудзецца ў студзені.

Марыя Арцыбашава belsat.eu