Што можна зрабіць ужо зараз для барацьбы з гвалтам у дачыненні да дэманстрантаў?


Уладзіслава збілі ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання 9 жніўня. Маладзён збіраецца падаваць заяву ў Следчы камітэт аб распачынанні крымінальнай справы па факце міліцэйскага гвалту.

«Мы толькі збіраем дакументы, каб потым, калі зменіцца ўлада, у нас ужо з працоўным заканадаўствам была магчымасць прыцягнуць гэтых вінаватых асобаў да законнай адказнасці», – плануе Уладзіслаў Салавей.

Сістэмныя масавыя катаванні ў Беларусі пачаліся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў – 9 жніўня, калі людзі выйшлі на мірныя акцыі пратэсту. Наш эксперт раіць пацярпелым падаваць заявы ў Следчы камітэт, хоць некаторыя баяцца адміністратыўнай справы за ўдзел у масавых мерапрыемствах.

«Нават калі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, то там у крайнім выпадку будзе заява чалавека, ягоныя тлумачэнні па факце, шэраг сведкаў, якіх ён назваў, абставіны, пры якіх усё гэта адбылося, заключэнне судовай медычнай экспертызы», – кажа былы працаўнік генеральнай пракуратуры Андрэй Сыцько.

20 жніўня беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі стварылі Міжнародны камітэт для расследавання катаванняў у Беларусі. Сёння самае эфектыўнае ды важнае ў барацьбе з ґвалтам – фіксаваць факты і ствараць справаздачы.

«Людзей працягваюць збіваць дубінкамі, гэта ўсё застаецца. Ніводны гэты факт не мусіць застацца беспакараным. Кожны, хто здзяйсняе гэтыя злачынствы, павінен зразумець, што ад адказнасці ён не сыдзе», – лічыць старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава.

За амаль два месяцы па фактах катавання ў нашай краіне не распачалі ніводнай крымінальнай справы.

«Прававая сістэма ў нас не працуе. Прававая сістэма асноўваецца на ў першую чаргу незалежнасці судовай сістэмы. Калі судовая сістэма залежная ад дзяржавы, а ў нас яна залежная цалкам, то працаваць яна не можа», – мяркуе Уладзіслаў.

На незалежнае расследаванне не спадзяецца і бальшыня апытаных намі жыхароў сталіцы.

«Гэта значыць прызнаць сваю няслушнасць, а ўлада прызнаваць яе, відавочна, не жадае».

«Мы не павінны гэта так пакінуць. Калі кожнага нацыста знайшлі ў свой час, мы таксама павінны будзем знайсці кожнага, хто аддаваў прынамсі гэтыя загады».

«Думаю, што зараз іх будуць абараняць і шукаць нейкія шчыліны».

У першыя дні пасля выбараў сілавікі затрымалі амаль сем тысячаў пратэстоўцаў. Праваабаронцы паведамляюць пра больш за паўтысячы сведчанняў пра катаванні.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»