Што Лукашэнка прывязе з Сочы?


Ад заўтра бензін і дызельнае паліва падаражэюць на 1 капейку – у 6 раз толькі сёлета. І не апошні. Бензін будзе даражэць, бо не будзе таннай расейскай нафты, як паказваюць вынікі перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Сочы. Што прывязе кіраўнік Беларусі з напружанай камандзіроўкі і чаго чакаць нашай эканоміцы?

Лукашэнку 65, Пуціну 67, але абодва палітычныя пенсіянеры паказальна мераюцца фізічнымі здольнасцямі. Нават калі гуляюць у хакей за адну каманду, як гэта было ў сочынскай Краснай Паляне.

Вось як сілы Лукашэнкі-старэйшага побач з Колем Лукашэнкам паказваюць аператары з ягонага пулу: гол, галявыя перадачы Пуціну – і поўнае ўзаемаразуменне старых сяброў.

А вось што паказалі гледачам расейскіх тэлеканала: Пуцін каціць і забівае, Лукашэнка топчацца на месцы, а Мядзведзеў хітра пасміхаецца. І зноўку да перамоваў – з удзелам новага ўраду Расеі.

«Я з імі добра знаёмы, мы паразмаўлялі. Розных пакасцяў паўзгадваў з нашай агульнай гісторыі», – казаў нібы жартам Лукашэнка Пуціну пра ягоных новых міністраў.

За некалькі дзён да сустрэчы Лукашэнка абяцаў нагадаць Пуціну, як Крэмль абяцаў унутрырасейскія газавыя кошты наўзамен за продаж трубаправоду «Белтрансгаз». Пасля шматгадзінных перамоваў намеснік кіраўніка пуцінскай адміністрацыі Дзмітрый Козак агучыў: сёлета Беларусь будзе купляць расейскі газ, як і летась, за $ 127 за тыс. куб. м. Бо дакументу з дамовай – расейскія кошты ўзамен за «Белтрансгаз» – няма і не было, нагадвае Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Паміж Беларуссю і Расеяй было шмат паняццяў, абдымак, палітычных фьючарсаў, а калі гаворка пра юрыдычныя факты, тут беларускаму боку няма чым крыць».

Аб нафце таксама не дамовіліся. Расейскі ўрад будзе проста «садзейнічаць падпісанню камерцыйных кантрактаў аб пастаўках у Беларусь» – заявіў Дзмітрый Козак. На дзяржаўным узроўні Расея гэтак і не аднавіла экспарту сыравіны беларускім НПЗ. Будзем купляць нафту за рынкавыя кошты, у расейцаў, амерыканцаў ці арабаў – няважна, кажа Яраслаў Раманчук:

«Трэба ставіцца больш сур’ёзна да сваёй нацыянальнай эканамічнай палітыкі, шукаць крыніцы росту не ў тым, якія Крэмль дасць цэны, а ў тым, як зрабіць беларуса гаспадароў сваёй зямлі».

Пасля такіх перамоваў, мяркуе адмысловец, непазбежна вырастуць кошты на жыллёва-камунальныя паслугі ды паліва. Загадаць коштам на бензін «стаяць» – немагчыма, бо тады прадаваць яго стане нявыгадна, і на запраўках пачнецца дэфіцыт. І ўсе гэтыя энергетычныя рызыкі – у год выбараў прэзідэнта Беларусі, дзе будзе нязменны кандыдат.

«Гэта будзе кандыдат, які будзе адстойваць незалежнасць Беларусі, завязваць незалежнасць на сваю кандыдатуру, сваю асобу, і прэзентаваць сябе, як адзінага гаранта незалежнасці«, – кажа пра Лукашэнку палітолаг Вольга Харламава.

Як мяркуе экспертка, Расея будзе актыўна дзейнічаць на беларускіх выбарах у сваіх палітычных інтарэсах, і не толькі фінансаваць структуры для раскачвання сітуацыі, але і працаваць з выбарчым чыноўніцтвам на месцах. І працягваць гэтак званую паглыбленую інтэграцыю.

Яраслаў Сцешык belsat.eu