Што казаў і абяцаў Лукашэнка кожнаму наступнаму прэзідэнту Украіны?


Лукашэнка абяцае Зяленскаму быць надзейным партнёрам і выконваць усе прынятыя пагадненні. А што абяцаў кіраўнік Беларусі папярэднікам Зяленскага і як развіваў адносіны з Украінай?

«Я чамусьці перакананы, што ўсё, пра што мы дамовімся, будзе выконвацца. Маю знаёмствы і сувязі, перамовы са шматлікімі прэзідэнтамі Украіны», – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Перамовы меў з чатырма папярэднікамі Уладзіміра Зяленскага. Меркаваў, што апошні з іх застанецца пры ўладзе: «Гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка».

Лукашэнка прысутнічаў на інаўгурацыі Парашэнкі (2014-2019), на кадэнцыю якога прыйшоўся самы цяжкі перыяд расейскай агрэсіі на Данбасе, а Беларусь узяла на сябе ролю міратворчага пасярэдніка ў перамовах бакоў.

Пётр Парашэнка, тагачасны прэзідэнт Украіны:

«Хачу асобна падзякаваць вам за цвёрдую пазіцыю Беларусі адносна суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці нашае краіны».

Да 2014 году пасаду прэзідэнта Украіны займаў Віктар Януковіч, якога ўкраінскі народ зрынуў, мяркуе Лукашэнка, у выніку неканстытуцыйных дзеянняў. Стасункі з Януковічам у яго пагоршыліся пасля 25-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, калі верталёт Лукашэнкі не прапусцілі на ўрачыстасці.

«На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны», – адказаў Лукашэнка.

Але гэта не пагоршыла эканамічных сувязяў краінаў. Каментуе Ігар Тышкевіч, палітолаг, Кіеў:

«Беларусь знайшла вельмі цікавы спосаб супрацы з украінскім палітычным рэжымам – не столькі працаваць з першаю асобаю, колькі з фінансава-прамысловымі групамі, менавіта алігархамі».

Стасункі афіцыйнага Менску з трэцім прэзідэнтам Украіны – лідарам «памаранчавай» рэвалюцыі – Віктарам Юшчанкам (2005-2010) толькі на пачатку былі сціплыя.

«Паколькі гэта быў даволі слабы з пункту гледжання персанальных якасцяў прэзідэнт, то яму ўсё патлумачылі ўкраінскія алігархі, прычым патлумачылі на пальцах, дастаткова проста, а знешнепалітычныя выгады і бонусы Юшчанка зразумеў сам», – дадае Ігар Тышкевіч.

Як і Лукашэнка, у 1994 годзе, да ўлады ва Украіне прыйшоў Леанід Кучма (1994–2005), адзіны абраны на другі тэрмін украінскі лідар. У тыя гады абедзве эканомікі былі залежнымі ад расейскіх рынкаў. Звяртаючыся сёлета ў Менску да даўняга сябра, гаспадар сустрэчы заўважыў: «Палітыка, Леанід Данілавіч, цябе не адпускае ніяк».

Не адпускае і Аляксандра Лукашэнку – вось ужо дваццаць шосты год.

Юлія Цяльпук belsat.eu