«Што хочам – то і робім». Лукашэнка патлумачыў затрыманні на Дні Волі


Святкаванне сотай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі скончылася, але яшчэ сёння па ўсёй краіне адбываліся суды над затрыманымі ў дзень свята і перад ім. Пры гэтым, пад раздачу трапілі не толькі ўдзельнікі несанкцыянаванага шэсця, на якое заклікаў Мікола Статкевіч, але і тыя, хто ствараў святочную атмасферу ля Опернага тэатру.

Падчас святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі толькі прэвентыўна працаўнікі міліцыі затрымалі 119 чалавек па ўсёй краіне. Што гэта: стыхійны хапун ці мэтанакіраваная нейтралізацыя?

На карысць другой версіі сведчыць рыторыка Лукашэнкі на сённяшняй сустрэчы з міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам. Кіраўнік дзяржавы ў традыцыйнай манеры запатрабаваў імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

«Што хочам, то і робім. Усе павінныя разумець, што бардак пачынаецца з гэтага. Таму вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўразвяз або Дзярждэпартамент, гэта іх справа рабіць заявы. Але крый Божа, нам спарадзіць такую сітуацыю, у якой сёння жывуць заходнія дзяржавы», – заявіў Лукашэнка.

У выніку, як на Захадзе і не атрымалася. Актывістаў пачалі затрымліваць яшчэ за некалькі дзён да 25 сакавіка, а беспасярэдне ў нядзелю шмат людзей з рэгіёнаў проста не змаглі дабрацца да Менску і ўзяць удзел у дазволенай імпрэзе. Некаторых абвінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі і далі штрафы.

Да прэвентыўных затрыманняў ды хапуна 25 сакавіка далучыліся і іншыя формы ціску на актывістаў ды ўдзельнікаў дазволенага канцэрту. Гэтак, кіраўніцу вулічнага тэатру «Вір» Ганну Несцераву дырэктарка цэнтру дадатковай адукацыі «Кантакт», на базе якога працуе тэатр, ужо вымусіла шукаць іншае памяшканне для заняткаў. Таксама Ганна атрымала вымову ад свайго кіраўніцтва.

«Іх збірала вышэйшае кіраўніцтва і быў такі вусны загад, што ніводны калектыў, які тычыца ўстановы адукацыі, не павінен выступаць на такім мерапрыемстве. Калі я сказала, што мы не будзем адмаўляцца, мне сказалі, што будуць нейкія непрыемныя моманты нават да звальнення», – кажа Ганна Несцерава.

Сваю вулічную, толькі што не творчую, актыўнасць не збіраецца спыняць і арганізатар несанкцыянаванай акцыі на плошчы Якуба Коласа Мікалай Статкевіч, якога міліцыянты забралі 25 сакавіка проста з дому.

«Свабода пачынаецца заўжды з публічных вольных акцыяў. Іх заўсёды аб’яўляюць незаконнымі. Таму што ў несвабоднай краіне такія законы, каб немагчыма было памяняць уладу і прывесці краіну да свабоды. Таму мы будзем працягваць барацьбу за свабоду і будзем выходзіць на вуліцы, каб патрабаваць тое, што нам належыць», – заявіў Мікалай Статкевіч.

І пакуль Лукашэнка патрабуе не глядзець, што скажа Еўразвяз ці Дзярждэпартамент, з Захаду ўжо прыйшлі заклікі вызваліць усіх затрыманых. У адказ на гэта Міністэрства замежных справаў Беларусі ўключыла старую пласцінку пра «двайныя стандарты». Зрэшты, афіцыйны Менск можа змяніць рэпертуар, калі з’явіцца неабходнасць у заходніх крэдытах.

Зміцер Міцкевіч