Што будзе з грашыма ў банку?


У жніўні беларусы забралі рэкордную колькасць валюты з банкаўскіх укладаў ад 2011 года. А ці варта было?

Першую частку свайго доларавага ўкладу Яўгенія Цюленева забрала вясной, калі абваліўся беларускі рубель. У жніўні пасля выбараў жанчына канчаткова вывела валюту з банку, бо мела некалькі засцярог.

«Гэта перавод у беларускія рублі і, адпаведна, немагчымасць памяняць гэта на долары. Гэта ў прынцыпе «замарозкі», як гэта было ў 1998 годзе. Ну, і, у прынцыпе, рызыка страціць усю суму таксама, таму што незразумела, ці выжыве банк у такой сітуацыі».

У выпадку паглыблення крызісу замарозіць могуць і рублёвыя ўклады. Разам з тым, паводле нашага эксперта праз дэвальвацыю беларусы страцяць 20-30 адсоткаў сваіх рублёвых дэпазітаў. У Нацыянальным банку нам паведамілі, што рабіць высновы, ці насельніцтва пазбываецца даверу да беларускіх банкаў, заўчасна, і трэба чакаць наступных справаздачаў.

«Зразумела, што Нацыянальны банк сочыць за тым, як развіваецца сітуацыя і робіць адпаведныя захады. Гэта нашая праца», – кажа прэс-сакратар Нацянальнага банку Аляксандр Цімашэнка.

У жніўні беларусы забралі больш за 400 мільёнаў долараў з дэпазітаў – гэта самы вялікі вынас валюты з траўня 2011 года. Наступны месяц таксама можа наблізіцца да рэкорду. Паводле некаторых Telegram-каналаў, за 20 дзён верасня насельніцтва забрала больш за 300 мільёнаў долараў з валютных рахункаў, а вынас валюты з банкаў вырас да прыкладна 30 мільёнаў долараў на дзень. Паводле нашага эксперта, гэтыя лічбы могуць быць рэальнымі.

«Яшчэ мала забіраюць. Можа быць, менавіта гэтыя дэвальвацыя ды інфляцыя. Можа быць, небяспека ў тым, што не будзе валюты хапаць для бюджэту, для таго, каб разлічыцца за даўгі дзяржаўных прадпрыемстваў. Тады будуць браць грошы з розных крыніцаў і тады атрымаць свае грошы будзе праблематычна», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

А ці знойдзем давер да айчынных банкаў на сталічных вуліцах?

«Ой не. Ды ўвогуле з банкам, з дзяржавай жарты дрэнныя, таму ніякіх банкаў. Удома ёсць слоікі і туды, і ўсё туды».

«Канечне, вы што! Беларускі рубель цяпер прыносіць даход».

«Цяпер у банк я б нічога не клала. Мне лепш здымаць усё з карткі і недзе ў сябе гэта ўсё пакідаць. І ў валюце, не ў беларускіх рублях».

У экспертаў папулярныя меркаванні пра тое, што давер да банкаўскай сістэмы ў беларусаў зніжаецца.

«Я думаю, што гэта нават не да банкаўскай сістэмы, а ў прынцыпе агульны давер да дзяржаўнай сістэмы, часткай якой ёсць і банкаўская», – мяркуе Яўгенія.

Жанчына ж паведаміла нам, што зробіць новы ўклад не раней, як улады ў нашай краіне стануць легітымнымі, а дзяржава вернецца да выканання законаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»