Што беларусы купляюць у Інтэрнэце?


Калі коратка, беларусы ў сярэднім на набыткі пачалі выдаваць менш грошай. Але колькасць пакупак і пакупнікоў расце. Прычына – становіцца ўсё больш магчымасцяў для электронных набыткаў. Хоць да адной універсальнай сістэмы аплаты і дастаўкі тавараў усцяж далёка.

Інтэрнэт-гандляры хваляцца: ужо кожны другі беларус набывае ці набываў праз інтэрнэт. У грошах гэта 645 мільёнаў долараў за год. Ці тры адсоткі ад усяго спажывецкага рынку Беларусі. Пакуль гэта мізер. На Захадзе ці ў Кітаі гэта 15-20 адсоткаў. Максім Марыніч, DEAL.BY:

«Беларускаму кліенту не стае асартыменту і зручнай інфраструктуры – зручнай дастаўкі і зручнага плацяжу. Гэта цяпер і спыняе рынак».

Як і летась, праз інтэрнэт найбольш купляем тэхніку ды электроніку. Адзежа, дзіцячыя рэчы, касметыка, ежа і квіткі на імпрэзы. Дзе? У асноўным у кітайскага «АліЭкспрэсу», які, безумоўна, трымае лідарства, але айчынныя «21-ы век», «5-ы элемент» і «Куфар» паволі адкусваюць у гіганта кліентаў.

«У нас рынак маленькі. У нас не будуць прадавацца ў вялікай колькасці рэчы, якія будуць прадавацца на кітайскіх рынках, дзе сотні мільёнаў найменняў. Адпаведна сертыфікаваць тут тавар дзеля трох продажаў на год невыгодна. І гэтыя тавары сёння і заўтра будуць купляцца ў Кітаі», – кажа Павал Матусевіч, 21VEK.BY.

У Беларусі паспяховая інтэрнэт-крама – гэта прынамсі тысяча ўгодаў за месяц. Пры гэтым у вас маюць быць усе даступныя ў краіне формы аплаты, дастаўкі і камунікацыі з кліентам. Беларускі электронны рынак яшчэ ў зародку і далёкі ад сталай рэгуляцыі ды бізнес-мадэляў. Пакуль нават Нацыянальны банк не мае сфармаванага адзінага падыходу. Таццяна Русакевіч, Нацыяльны банк Беларусі:

«Цяпер сістэма працуе паміж банкам і банкам атрымальніка. Каб гэта было зручна кожнаму спажыўцу, гэта трэба юрыдычным асобам, трэба шлях без пасярэднікаў, а фізічным асобам – нейкі зручны інструмент. І вось цяпер Нацбанк і распрацоўнікі працуюць над гэтым. То бок стварыць такое прыкладанне для спажыўца, каб яму было зручна ініцыяваць плацеж».

Ужо цяпер амаль дзве траціны інтэрнэт-пакупнікоў робяць гэта праз смартфон.

Але ўсцяж асноўнае пытанне – дзе нам, пакупнікам, браць грошы на новыя красоўкі ці газонакасілку. І тут гэтак званым драйверам росту рынку ёсць не рост даходаў, а з’яўленне розных пазыковых інструментаў – карты растэрміновак і крэдытаў. А на гэтым зарабляе не пакупнік ці прадавец. А банкі.

Алесь Залеўскі, belsat.eu