Што адбываецца ў Стоўбцах?


Захоўваць рэжым самаізаляцыі. Галоўная доктарка раённай больніцы заклікала жыхароў Стоўбцаў быць адказнымі. Сярод інфікаваных тут людзі з вялікаю колькасцю сацыяльных кантактаў – кандуктарка аўтапарку і прадавачка крамы. Па горадзе распаўзаюцца чуткі, што і на мясцовым мясакамбінаце захварэлі дзясяткі працаўнікоў разам з дырэктаркаю.

«Яна дома, у яе ўсё добра, але яна на бальнічным. У канторы пара чалавек на бальнічным, на вытворчасці. Але прадпрыемства працуе, усё добра. Пара чалавек з запаленнем, але пра «карону» нічога не ведаем», – кажуць у прыёмнай дырэктаркі Стаўбцоўскага мясакамбінату.

Жыхары гораду аднак перабываюць у інфармацыйным вакууме:

«Хворыя ў больніцы ляжаць, але ж дыягназы не пацвярджаюцца афіцыйна. Мы нічога не ведаем».

«У нас няма каранціну, так, асобныя выпадкі, кагосьці забралі з запаленнем, усё, што мы ведаем».

«У нашага сябра мама памерла, пахавалі ў зачыненай труне. Ён сказаў: не ведаю, каго пахаваў, маму ці не маму».

«Я перахварэла на нейкі вірус, 10 дзён была на бальнічным, але ніхто нічога не правяраў, што гэта было. Кашляла, так, тэмпература была».

Колькі ж пацверджаных выпадкаў у горадзе і колькі хворых на пнеўманію, даведацца ў галоўнай доктаркі больніцы нам не ўдалося. А днямі спадарыня Святлана расказвала мясцовай газеце пра няпростую сітуацыю ў раёне.

«На базе нашай раённай больніцы адкрыты шпіталь на 134 месцы. Практычна ўсе аддзяленні перапрафіляваныя дзеля гэтых мэтаў. Колькасць хворых з пнеўманіяй не змяншаецца. Усіх хворых пакуль ёсць магчымасць шпіталізаваць. Нам дапамагаюць іншыя раёны ў размяшчэнні хворых», – казала Святлана Глебка, галоўны доктар Стаўбцоўскай ЦРБ.

«Белсат» працягне сачыць за развіццём сітуацыі ў рэгіёнах.

Наста Кахановіч, «Белсат»