Штабы Ціханоўскай і Чэрачня не дамовіліся


Штаб Сяргея Чэрачня не аб‘яднаецца з кампаніяй Святланы Ціханоўскай. Прычынай кандыдат на прэзідэнцтва назваў «радыкальную апазіцыю» ў атачэнні сваёй канкурэнткі. Гэта канчаткова ці яшчэ ёсць шанец знайсці паразуменне?

Прэс-аташэ кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня Вікторыя Стралкоўская пацвердзіла, што ні ёй, ні самому кандыдату не ўдалося скантактавацца з прадстаўнікамі аб‘яднанага штабу Святланы Ціханоўскай: «У Ціханоўскай не атрымлівалася ні даслаць прадстаўніка на сустрэчу, ні прыехаць самой, яны адмаўляліся ад сустрэч. Калі чалавек не ідзе на асабістую сустрэчу, то які сэнс рабіць афіцыйныя заявы?»

У сваю чаргу ўва аб’яднаным вакол Святланы Ціханоўскай штабе заявілі, што наагул ня ведаюць пра спробы прадстаўнікоў штаба Чэрачня звязацца з імі.

  1. Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай, кажа:

«У наш штаб, у штаб кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, такая прапанова не паступала. Ніякіх запытаў, ніякіх дамоваў з імі не было. Тое, што Чэрачань будзе для сябе вырашаць – я думаю, што калі ён здыме цяпер сваю кандыдатуру на карысць Святланы, то гэта яму вельмі сурʼёзна паправіць рэпутацыю».

Раней Сяргей Чэрачань адмовіўся ад правядзення перадвыбарчых пікетаў, між іншага дзеля таго, каб не замінаць акцыям каманды Святланы Ціханоўскай.

Сёння яшчэ адзін кандыдат на прэзідэнта Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з жыхарамі Наваградку заявіў, што ягоны штаб не атрымаў адказу на прапановы аб супольных дзеяннях ні са штабу Чэрачня, ні са штабу Ціханоўскай.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»