Аб'ектыў 11.08.2018 Шматвектарная абарона Курапатаў працягваецца. У міліцыі новая стратэгія


Актыўнага супраціву ў Курапатах не спыняе ані выходны дзень, ані знясіленне, ані ціск уладаў. Каля 20-ці чалавек вартавалі рэстаран «Поедем поедим» сёння.

«Парушанае заканадаўства як з боку чыноўнікаў, гэтак і з боку бізнесоўцаў. Таму рэстарацыя павінна быць зачыненая!», – кажа Ганна Шапуцька, абаронца Курапатаў.

Паводле актывісткі, міліцыянты і ахоўнікі комплексу змянілі сваю тактыку. Цяпер яны больш шчыльна кааперуюцца паміж сабою: адныя здымаюць на відэа, як актывісты спыняюць машыны, а другія выклікаюць ДАІ.

«То бок не той чалавек, якога спынілі. Той чалавек з’ехаў і не скардзіўся. А вось непасрэдна гэта ахоўнік выклікаў ДАІ. Яны прыехалі і паказалі: ты, ты і ты ідзі з намі, будзем складаць пратакол», – дадае праваабаронца.

Установу «Поедем поедим» наведвае вельмі малая колькасць людзей, адзначае Ганна Шапуцька. А вось ціск на актывістаў ідзе з усіх бакоў. За нібыта несанкцыянаваны пікет каля рэстарану пакаранне за кратамі цяпер адбываюць адныя з лідараў пратэсту – Максім Вінярскі і Павел Севярынец. Агулам суды распачалі ўжо больш за 140 адміністратыўных справаў на тых, хто супрацьстаяў установе.

«І таму мы тут, каб хоць неяк прыцягнуць увагу народу, хоць неяк паспрабаваць абараніць сябе і самае галоўнае – нашую святыню, некропаль – мемарыял сталінскага генацыду беларускага народу», – тлумачыць Вольга Мікалайчык, абаронца Курапатаў, рэжысёрка.

А абараняць ня так проста. Актывісты ня толькі зазнаюць ціск, але і ўвесь час сутыкаюцца з правакацыямі.

«Падʼязджала машына, я стаяла са сцягам. Падышоў спадар, узяў мяне за рукі са сцягам і аднёс у бок, але ж ад ягонай ухапкі засталіся вось такія сянцы. За дзень не больш за 5-7 машынаў прыязджае, прычым чыста правакацыйныя. Едуць на поўнай хуткасці з малымі дзецьмі», – распавядае Ніна Багінская,

грамадская актывістка.

Міліцыя на такое рэагуе квола: «Прыбярыце, не трэба мяне запісваць».

Вольга Мікалайчык зазначае, што правакацыі не ўплываюць на рашучасць актывістаў. Наадварот, яны толькі загартоўваюць і далучаюць да пратэсту новых людзей.

Між тым ціснуць ня толькі на актывістаў, але і на журналістаў, якія выкрываюць хлусню ўладальнікаў комплексу. Гэтак, аўтара вялікага расследавання пра тое, хто і як дазволіў забудову ў Курапатах, Дзяніса Івашына разам з галоўнаю рэдактаркаю газеты «Новы час» чакае суд па пазове бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча пра абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

«Уся інфармацыя ў маіх расследаваннях цалкам верыфікаваная і дакументальна пацверджаная. Там абсалютна няма ніякіх інсінуацыяў ці версіяў», – кажа Дзяніс Івашын, журналіст.

Падрабязнасці судовай справы пакуль не вядомыя. Паседжанне мае адбыцца напрыканцы жніўня. Чарговага суда чакае і былы міліцыянт Міхаіл Грамыка, які падтрымаў пратэстоўцаў. За словы пра тое, што ў сённяшнюю міліцыю не ідуць служыць нармальныя людзі, экс-працаўніка падазраюць у паклёпе на МУС.

«Ён клапоціцца, кажа, пакуль працы не знайшоў: і так з грашыма праблемы, а тут яшчэ і штраф гэты», – распавядае Леанід Судаленка, праваабаронца.

Тэма Курапатаў збольшага на слыху ў менчукоў. Але чаму ж тады пратэст ня стаўся масавым?

Жыхары Менску:

«Мне ўсё роўна, бо мяне гэта аніяк не датычыць».

«Такая нацыя талерантная».

«Характар беларусаў такі – яны проста так не выходзяць на вуліцы».

«Лета, магчыма, усе ў адпачынках на лецішчах. І мала людзей ведае пра гэта – тэлебачанне мала асвятляе».

Не зважаючы на гэта, шматвектарная абарона Курапатаў працягваецца. Учора актывіст Зміцер Дашкевіч разам з паплечнікамі паставіў ва ўрочышчы яшчэ 9 крыжоў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары