Шматпавярховік у Магілёве: чакаў рамонту 40 гадоў, просяць пачакаць яшчэ


На бульвары Непакораных у Магілёве – стыхійны сход жыхароў шматпавярховіку. Людзі стаміліся ад безвыніковых зваротаў да камунальнікаў ды паклікалі журналістаў. У халоднае надвор’е жыхары дому без ацяплення чакаюць рамонту трубаў, што працякаюць і заліваюць сутарэнне.

Жыхарам дому нумар 80 на бульвары Непакораных у Магілёве атрымліваць адпіскі пра ліквідацыю дробных непаладак ужо не прывыкаць. Аднак праблема больш грунтоўная і патрабуе не касметычнага рамонту, а замены трубаў, мяркуюць людзі.

Алена Матросава, жыхарка дому № 80:

«Трубаправоды, засаўкі, рэдукцыі, як яны яшчэ называюцца, усё настолькі зношана, што немагчыма нанова ўключыць».

Гэтак, пры спробе ўлучыць ацяпленне 4 кастрычніка прарвала трубу.

«Да 9-га паверху было чуваць, як фантануе, бʼе вада гарачая. Яна настолькі моцная была, што электрашчыткі тэлефонныя ў нас на першым паверсе пазалівала ўсе, прабіла праз бетонныя сцены, гэта вада прайшла. Уцечка адбылася – некалькі тонаў вады», – распавядае Алена Матросава.

Ваду выпампавалі, але батарэі не пацяплелі. Ізноў жыхары спускаюцца ў сутарэнні. Гэтым разам з нашаю здымачнай групаю.

«Ну вось, глядзіце, чуваць шум вады, вось, мокры пол».

Ідзём далей і бачым крыніцу працякання.

«Ну вось, праблемы з вентылямі. Бачна, што яны заржавелі і не перабраныя».

Сляды волкасці відавочныя асабліва ў кватэрах на першым паверсе. Наступстваў чакаць доўга не даводзіцца. Юлія Падпружэнка, жыхарка дому № 80:

«Я ў дэкрэтным адпачынку, маленькае дзіця, увесь час хварэе, кашаль, соплі, у сад мы не ходзім ужо два тыдні. На вуліцы халодна, ацяпленне дагэтуль не ўключылі, ложкі ўсе мокрыя, сырыя».

Камунальная аварыя – не адзіная праблема жыхароў дому. Мясцовыя наракаюць на працяканне даху падчас залеваў і скардзяцца на смурод. Надзея Пракопчык, жыхарка дому № 80:

«Лазіў сантэхнік і сказаў, што трубы каналізацыйныя праселі. І там, калі адпампоўваюць, цячэ з каналізацыі да нас сюды ў сутарэнне ўвесь гэты бруд».

За 40 гадоў дом нумар 80 на бульвары Непакораных не бачыў камунальнага рамонту. Аднак нават з рамонтам трубаў мясцовым давядзецца пачакаць, паведамілі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. На больш як сотню дамоў засталося толькі з дзясятак сантэхнікаў, занятых уключэннем ацяплення.

Юлія Лабанава belsat.eu