Шматдзетнай сям’і пашырылі жыллё: другая кватэра за 10 км


Сям’і Саглаевых, якая выхоўвае 7 дзяцей, зрабілі пашырэнне квадратных метраў, ды так пашырылі, што новае жыллё апынулася за 10 км ад таго, у якім жывуць зараз.

Віцябляне Ганна і Аляксей Саглаевы выхоўваюць у трохпакаёўцы сямёх дзяцей. Сёлета шматдзетныя бацькі звярнуліся да ўладаў з просьбаю пашырыць жылплошчу, і ім далі другую кватэру… у іншым канцы гораду.

«Ну якое тут расшырэнне? Тут абсалютна няма ніякага расшырэння! Атрымліваецца, ехаць аднаму мужу там жыць, а нам з дзецьмі тут жыць…» – наракае шматдзетная маці Ганна Саглаева.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ад канца вуліцы Цітова ў Віцебску, дзе жыве сям’я, да новабудоўлі ў мікрараёне Білева – каля 10 кіламетраў. На грамадскім транспарце – 40-45 хвілінаў язды.

«З Цітова дабірацца да Білева, а з Білева – зноў сюды. Трэба ці туды пераязджаць жыць, ці ў Білеве жыць. Тады тая будзе пуставаць ці гэтая пуставаць кватэра. Ну, нейкая з іх будзе пуставаць», – кажа бацька 7 дзяцей Аляксей Саглаеў.

Аказваецца, у гарвыканкаме спачатку разглядалі варыянт пашырэння для Саглаевых паблізу – на вуліцы Ленінградскай. Але яго адкінулі. Тлумачаць – сям’я не пацягнула б фінансава.

«Трэба было хаця б камусьці пайсці працаваць. У іх вельмі кепскія крэдытныя гісторыі, ім банк ледзь адкрыў крэдытную лінію, у іх даўгі паўсюль, у іх крэдытаў маса. А для таго, каб жыць прыгожа, ва ўмовах, якія ёсць, трэба хаця б мець заробак…» – патлумачыла начальніца ўпраўлення будаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму Марына Арэшчанка.

Саглаевы не аспрэчваюць, што раней пратэрміноўвалі крэдыты, а вось што да заробкаў…

«А якая праца? Я зараз у дэкрэтным, а муж афіцыйнай працы знайсці ў Віцебску не можа колькі гадоў, адны падпрацоўкі», – гаворыць шматдзетная маці.

У гэтай сітуацыі віцебскі праваабаронца Павел Левінаў раіць шматдзетным бацькам запісацца на прыём да памочніка прэзідэнта па Віцебскай вобласці.

«Бо прэзідэнт некалі казаў, што, калі ласка, нараджайце: трэцяе дзіця – напалову маё, а чацвёртае ўжо маё. Трэба думаць, што і пяты, і шосты, і сёмы – усе яго. І атрымліваецца, што дзяцей прэзідэнта абдзялілі жыллём, дакладней, жыллё далі, але жыць у ім яны не могуць», – мяркуе праваабаронца.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, з 37 тысяч шматдзетных семʼяў, якія атрымалі сёлета прапанову на пашырэнне жылплошчы, 9 тысяч адмовіліся падпісваць дамовы на будаўніцтва. У тым ліку праз нязручнасць прапанаваных варыянтаў.

Зміцер Казакевіч belsat.eu