Школьнікаў прымусілі абмяркоўваць спартовыя перамогі абодвух Лукашэнкаў


Сёння ў беларускіх школах прайшоў адзіны дзень інфармавання пад агульным дэвізам «Школа актыўнага грамадзяніна». Тэмы занятку распрацоўвала Міністэрства адукацыі і прапанавала вучням абмеркаваць хакейныя турніры з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і ягонага малодшага сына. Падрабязней пра дзень палітінфармацыі – Зміцер Міцкевіч.

Здавалася б, культ асобы асудзілі яшчэ на 20-м з’ездзе КПСС больш за 60 гадоў таму, калі Мікіта Хрушчоў разнёс сталінскі лад. Але ў сучаснай Беларусі з’яўляюцца прыкметы вяртання да савецкіх ідэалагічных практык. У кожнай з чатырох тэмаў, прапанаваных Міністэрствам адукацыі для Дня інфармавання школьнікаў 8–11 класаў, згадваецца Лукашэнка. У прыватнасці, вучні могуць аналізаваць ягоную прамову на хакейным Калядным турніры ды выступ там каманды ягонага сына Колі.

«Мая бабка пра такое казала: ад дурноты няма лекаў. Таму што прапагандаваць умовы існавання элітнага дзіцяці перад насельніцтвам, сярод якога паўмільёна ніжэй за ўзровень жабрацтва, і многа дзяцей трапіць на гэтае прадстаўленне, гэта амаль злачынства», – кажа Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету (1991-1994).

Больш за тое. У адной з менскіх школаў дзяцей змушалі вучыць адказы на адмысловыя пытанні пра хакейныя гульні Лукашэнкаў. Юрый Хашчавацкі, кінарэжысёр:

«Вы можаце колькі заўгодна смяяцца, але смяюцца з вас. Чаму? Таму што вы на гэтую палітінфармацыю прыйшлі. Вы сядзіце і слухаеце лухту. Вы разумееце, што гэта лухта. А для іх чым дурней, тым лепей. Таму што ў гэты момант яны прывучаюць вас падпарадкоўвацца. Падпарадкоўвацца! Вось што галоўнае ва ўсім гэтым».

У той жа момант эксперты сцвярджаюць, што сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, ужо жыве сваім жыццём, у якім паказная дэманстрацыя лаяльнасці – несумненна пазітыўны фактар. Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету (1991-1994):

«Выслужваюцца перад ім многія, каб паказаць, як яны да яго ставяцца, і каб ён пачаў да іх ставіцца лепей».

Толькі што вынік такой дзейнасці не заўжды адпавядае першапачатковым мэтам чыноўнікаў. Асабліва ва ўмовах не самай лепшай эканамічнай сітуацыі ды не надта аптымістычных прагнозаў.

«Так нельга. Гэта няправільна. Я думаю, шмат хто так лічыць».

«Гэта ўсё, канечне, няправільна, негатыўна, калі настаўнікам усё гэта зверху спускаецца».

«Узгадваю Васіля Сталіна. Быў такі сынок бацькі народаў. Было тое ж самае. А што з яго вырасце?»

«Ёсць больш важныя праблемы ў нашага прэзідэнта, акрамя хакею і спорту», – гавораць жыхары Менску.

Адпаведна, у цяперашніх умовах спробы стварыць культ з асобы прэзідэнта і ягонай сям’і могуць толькі падвысіць градус незадаволенасці дзейнымі ўладамі, кажа Юрый Хашчавацкі, кінарэжысёр:

«Складзецца сітуацыя, пры якой беларускі народ зразумее, што такога здзеку з яго ўжо даўно не павінна было б быць. Неабходна нешта рабіць, каб перастаць назіраць за гэтым і падпарадкоўвацца гэтаму… я нават не ведаю, як гэта назваць – гэта нейкі пячорны цынізм».

Выглядае на тое, што гэтак улады пачынаюць рыхтавацца да выбарчых кампаніяў, адна з іх можа адбыцца сёлета. Паводле адмыслоўцаў, ва ўмовах ціску з боку Расеі ды слабых стасункаў з Захадам згуртаванне вакол «моцнага лідара» – асноўная ідэалагічная ўстаноўка кіраўніцтва краіны.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: ITAR-TASS / Vitaly Belousov / FORUM