Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва: як спалучыць бізнес і добрыя ўчынкі?


Два ў адным: і грошы зарабіць і добры ўчынак зрабіць. Гэта сталася рэальнасцю для прадпрымальнікаў з Гомельшчыны, якія прайшлі навучанне ў школе сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact». Сёння стартаваў другі сезон школы.

Бізнес можа быць не карыслівы, а карысны. Можа прыносіць не толькі прыбытак, але і дапамагаць тым, чые патрэбы застаюцца па-за ўвагаю дзяржавы – сацыяльна не абароненым людзям. Ужо год у Гомлі дзее Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва.

«Калі грамадскі сектар хоча вырашыць нейкую сацыяльную праблему, ён вырашае толькі адну праблему. Калі бізнес хоча зарабіць грошы, ён вырашае толькі адну праблему, а сацыяльнае прадпрымальніцтва вырашае адразу дзве праблемы», – распавядае Аксана Шаўчэнка, кіраўніца Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва.

А менавіта зарабляе грошы, дзякуючы чаму падтрымлівае тых, каму не стае ўласных сродкаў на годнае жыццё. Але ёсць праблемы і ў самых сацыяльных прадпрымальнікаў: перадусім гэта адсутнасць досведу вядзення бізнесу.

«Бізнес – гэта таксама навука. Школа дае магчымасць навучыцца навыкам маркетынгу, менеджменту, усяму таму, што неабходна бізнесоўцу, каб ягоны бізнес стаў фінансава ўстойлівым» – запэўнівае кіраўніца Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва.

І вось ужо выпускнікі першага набору Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва дзеляцца сваймі поспехамі з тымі, хто сёлета пачне сваё навучанне. Вольга Ачарэтная вяжа ды навучае гэтаму сябраў «Мерыдыяну надзеі», арганізацыі, якая займаецца дапамогай хворым на анкалогію.

«Гэта мой асабісты нататнік, натуральна, яго можна рабіць для вашай кампаніі. Гэта могуць быць кубкі, футляры для тэлефонаў ці асадак», – пералічвае сваю прадукцыю Вольга Ачарэтная, праект «Звяжам разам».

А могуць быць і сімвалічныя сэрцы:

«Нас вучылі ў школе розным варыянтам зарабляць, і стварыўся такі праект «Чалавек-сэрца», калі вы можаце набыць сэрца, а грошы я цалкам перадаю на арганізацыю».

Іншая выпускніца Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва Настасся Канцавенка заснавала сваю фоташколу, дзе за год навучыла мастацтву фатаграфіі 50 чалавек, у тым ліку дзяцей-сіротаў. І ўжо на наступным тыдні запрацуе выстава з іхнымі працамі – «Жаночы партрэт».

«Паўгода, здаецца, вучыліся, і я пачала даганяць, наколькі я зялёная, што я нічога не ведаю, як падысці да мэтавай аўдыторыі, як будаваць бізнес. Але дзякуючы навучанню ў Школе сацыяльнага прадпрымальніцтва ўсё атрымалася: ад абсалютна зялёнай ідэі на паперы ў нас атрымаўся сапраўдны сацыяльны бізнес, які можа працаваць самастойна», – дзеліцца досведам Настасся Канцавенка, кіраўніца фоташколы «За кадрам».

Сёння стартаваў новы сезон школы, якая пашырыла сваю геаграфію: цяпер удзел у ёй могуць узяць ахвотныя не толькі з Гомельшчыны, але і з Гарадзеншчыны ды Менскага рэгіёну. Умова ўдзелу адна: мець грамадска карысную ідэю ды жаданне яе зрэалізаваць. Анкеты на ўдзел прымаюцца да 11 жніўня, заняткі распачнуцца з верасня. Навучанне ў школе бясплатнае, больш за тое – самыя цікавыя праекты атрымаюць фінансаванне ад замежных донараў.

Вольга Старасціна, belsat.eu