Шэсць месяцаў – у чатыры. Інфляцыя расце ўдарнымі тэмпамі


Павышэнне коштаў за першыя 4 месяцы перакрочыла паўгадавы план росту. Што на пачатку года каштавала 10 рублёў, падаражэла на 30 капеек. На 3 адсоткі, паводле афіцыйнай статыстыкі, падаражэла ежа. Паслугі яшчэ больш, крыху менш – нехарчовыя тавары.

Без ласося і авакада… набудзем хлебабулачныя і малочныя вырабы, яйкі, гародніну, фрукты і мяса. Харчы складаюць большую частку так званага «спажывецкага кошыку». Кошты на іх растуць.

«На мясныя прадукты несупынна кошты растуць».

«Пенсія трошку паднялася, а кошты растуць».

«Напэўна, урад адсочвае… Але хацелася б канешне лепшага», – кажуць жыхары Менску.

Інфляцыйныя адчуванні спажыўцоў горшыя за афіцыйную статыстыку. Рост коштаў у першым квартале 2019 года (Белстат):

Харчовыя тавары 3 %

Нехарчовыя тавары 1,7 %

Паслугі 3,3 %

Агульная лічба інфляцыі – 2,7 % пры гадавым плане ў 5 %.

«Гэта звязана з двума чыннікамі: па-першае, гэта рост коштаў жыллёва-камунальных паслугаў і, па-другое, уздаражэнне садавіны і гародніны», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Сярод іншых прычынаў эксперт называе падаражэнне нафты і паліва. З папраўкаю – сёлета як ніколі раней Нацбанк не друкуе «пустых» грошай. Кіраўнік праўлення Нацбанку Беларусі Павел Каллаур:

«Фактычна курс беларускага рубля ў першым квартале бягучага года не змяніўся. Намінальныя працэнтныя стаўкі крэдытна-дэпазітнага рынку ў першым квартале троху павысіліся. Але з улікам паскарэння інфляцыйных працэсаў іх выражэнні ў рэальных лічбах практычна не змяніліся».

Насельніцтва сем месяцаў запар павялічвае колькасць укладанняў у рублях. 1 траўня на дэпазітах у нацыянальнай валюце ляжала Br 4.28 млрд. Грошаў у банкі прыносяць аднак менш, чым займаюць.

«Угар спажывецкі настаў. Працаваць не хочуць. Хочуць на крэдыты кватэры набыць, машыны, ездзіць адпачываць у Турцыю, у Куршавель. Гэта ўсё выклікае павышаны попыт, беларускіх рублёў у банках не хапае», – кажа Леанід Заіка, аналітычны цэнтр «Стратэгія».

Рост ставак па дэпазітах таксама можа паскорыць інфляцыю. Яшчэ адна небяспека – у эканамічнай галіне: рост лічбы стратных прадпрыемстваў. Раней грошы для іх друкаваў Нацбанк. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату», тлумачыць:

«Раней ці пазней улады паўстануць перад выбарам: альбо дазволіць буйным прадпрыемствам збанкрутаваць, альбо ўсё ж надрукаваць для іх грошы. Дык вось, калі яны вырашаць усё ж надрукаваць грошы, магчымая дэвальвацыя ці рэзкі разгон коштаў».

У перспектыве пяці гадоў стратнымі могуць зрабіцца нават прадпрыемствы-рухавікі эканомікі – лічыць Леанід Заіка: «Спадзяванні, што будзеце гандляваць калійнымі ўгнаеннямі і бензінам – пакіньце дзядулям савецкага часу. Эканоміка змяняецца. Гэта эканоміка IT, 3D і электратранспарту. Мусяць адбыцца перамены ў сукупным інтэлекце».

За адсутнасць структурных пераменаў у эканоміцы будзем разлічвацца разам. У выглядзе інфляцыі яна ўключаная ў кожны рахунак.

Юлія Цяльпук, belsat.eu