«Шэнген», пенсіі ды аліменты. Што зменіцца да выбараў у ліпені?


З 1 ліпеня ўлады падвышаюць працоўныя пенсіі. Папярэдне павелічэнне планавалася на чацвёрты квартал года, аднак кіраўнік краіны перанёс тэрмін. Да прэзідэнцкіх выбараў пенсіянеры атрымаюць прыкладна на 23 рублі болей.

Магчыма, пенсіянеры змогуць адпачнуць гэтым летам за мяжою, тым больш што кошт шэнгенскай візы зменшыцца з 80 да 35 еўраў, а нацыянальная авіякампанія «Белавія» з пачатку месяца адкрывае чартарныя рэйсы ў Турцыю ды Егіпет. Запыталіся ў жыхароў нашае сталіцы. Сталічныя пенсіянеры кажуць:

«Ёсць пенсіянеры ў нас – ваенныя, там, міліцыянты, і ўсе яны могуць куды заўгодна ехаць, а ў грамадзянскіх пенсія такая – абы працягвалі жыццё сваё».

«Пенсію плацяць своечасова, лекі праўда, дарагія, ну, што зробіш, а за мяжу – не хапае паехаць адпачнуць».

«Якое за мяжой! Тут хаця б у сваёй краіне пабываць, і то…»

Тым часам літоўская нацыянальная віза, то бок віза катэгорыі D для беларускіх грамадзянаў зноў стане платнай ды будзе каштаваць, з улікам зніжкі, шэсцьдзесят еўраў. Яна дае магчымасць заставацца ў краіне прыбыцця да 1 года. Такая віза спатрэбіцца перадусім студэнтам ды тым суайчыннікам, якія працуюць у Літве.

З 1 ліпеня ўлады ўскладняюць жыццё непрацоўным даўжнікам па аліментах. Цяпер на адно дзіцё даўжнік заплаціць палову бюджэту пражыткавага мінімуму, стоадсоткавыя выплаты – на дваіх дзетак, і 150 % – на траіх і болей.

Кацярына Барнукова з Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» адзначае:

«Маці, якая даглядае адна дваіх дзяцей, будзе атрымліваць не 185 рублёў, а 246 як мінімум гэтых аліментаў. Канечне, гэта нязначныя грошы. Аднак відавочна, што нашая бюракратыя не здольная адрозніць бацьку, які сапраўды працуе і ўхіляецца ад аплаты аліментаў, і таго, хто можа трапіць у сітуацыю беспрацоўя, а сёння шмат хто».

Змяняецца і Кодэкс аб шлюбе і сямʼі. Набываюць моц пункты, якія дазволяць натарыяльна заключаць пагадненне аб дзецях тым бацькам, якія не былі ў шлюбе або развяліся. Гэта дасць магчымасць юрыдычна замацаваць абавязкі.

У ліпені на загад Лукашэнкі Нацыянальны банк знізіць стаўку рэфінансавання з 8 да 7, 75% гадавых. Эксперт Вадзім Іосуб адзначае: гэтая больш папулісцкая мера кіраўніка краіны ў сённяшніх эканамічных умовах можа пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы.

«На гэтую ж велічыню, 0,25 %, знізяцца стаўкі па крэдытах, але пры гэтым знізяцца стаўкі па дэпазітах. То бок тэарэтычна браць крэдыты зараз стане крыху больш выгодна, але менш выгодна стане захоўваць грошы ў банках. Апошняе можа нават прывесці да адтоку рублёвых укладаў з банкаў», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія».

Эксперт звяртае ўвагу, што паседжанне Нацыянальнага банку планавалася ў жніўні, аднак 22 чэрвеня быў скліканы пазачарговы сход. Самыя ж цікавыя змены анансаваў Лукашэнка:

«Выбары будуць вельмі цікавыя, а пасля выбараў будзе яшчэ больш цікава».

Таццяна Уласенка, «Белсат»