Схема фальсіфікацыі беларускіх выбараў


З часоў аднаўлення незалежнасці Беларусі толькі выбары 1994-га года былі прызнаныя дэмакратычнымі ды справядлівымі. Хоць і не без заўвагаў. Аднак апошнія 22 гады ніводнага рэферэндуму ці выбараў – ад дэпутатаў да прэзідэнта – не прызнала міжнародная супольнасць. Шмат хто і ўнутры краіны пра гэта кажа, аднак не ўсе беларусы ведаюць падрабязнасцяў таемных схемаў выбаркамаў. Ці не жадаюць ведаць?

«Важна не як галасуюць, важна, як падлічаць», – выслоўе, якому ўжо не адзін дзясятак гадоў, але дасюль вельмі актуальнае для постсавецкае прасторы. А пагатоў для Беларусі. Бо, паводле праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, у адрозненне ад Расеі, дзе творча падыходзяць да фальсіфікацыяў, ствараючы «каруселі» ці наўпрост падкупляюць выбарцаў. У Беларусі ўсё проста – татальны кантроль за падлікам і людзьмі, якія яго здзяйсняюць.

«Маючы кантроль за выбарчымі бюлетэнямі падчас датэрміновага галасавання, і маючы поўны кантроль за падлікам галасоў, лічбы якія адлюстроўваюцца ў пратаколе, яны не маюць нічога агульнага з рэальным волевыяўленнем выбаршчыкаў», – тлумачыць Уладзімір Лабковіч.

Сваім прыкладам, як улады робяць патрэбныя лічбы на выбарах, з нашым тэлеканалам падзяліўся былы сябра ўчастковай выбарчай камісіі № 73 у Берасці падчас выбараў прэзідэнта ў 2010-м годзе Ігар Барсук. Наш суразмоўца цвердзіць, што парушэнні пачаліся з пачатку ягонае працы ў камісіі: старшыню абралі, не паклікаўшы яго, а на подпіс сябрам камісіі далі толькі частку бюлетэняў. Але галоўнае пачалося пасля падліку галасоў. Бо лічбы, якія меў Ігар Барсук, і тое, што ў выніку агучыў старшыня камісіі, значна не супадалі.

«Па маіх падліках, на карысць Лукашэнкі перакінулі каля 10 % галасоў. Не памятаю падрабязна, але каля 9-10 % скрадзеныя ў апазіцыйных кандыдатаў. Проста вось так, на вачах усёй камісіі, назіральнікаў», – узгадвае Ігар.

Схема працуе без збояў

На патрабаванне Ігара Барсука камісія пералічыла галасы, паправіла лічбы, актыўны ж сябра камісіі напісаў у выніковы пратакол пра факт спробы фальсіфікацыяў. Ды задаў рытарычнае пытанне сваім калегам.

«Пасля падліку, пасля выяўлення гэтай фальсіфікацыі, я ім кажу: «што вы робіце? Вы ж пазбаўляеце будучыні сваіх дзяцей!» А яны проста сядзяць і глядзяць у стол. Можа яны ў той час думалі ўжо пра банкет, ці яшчэ штосьці. Хтосьці з іх увогуле задумаўся над гэтым? Ці можа стан грамадства такі, што яны проста не чуюць, не хочуць чуць гэтага», – кажа Ігар Барсук.

Што мяркуюць звычайныя мінакі?

Уласна пытанне, якое турбуе бадай кожнага адмыслоўца: людзі не ведаюць пра фальсіфікацыі, ці не жадаюць ведаць?

«Абсалютна давяраю Лукашэнку. Усё жыццё верыў, усе жыццё галасаваў за яго. І далей буду галасаваць. І за ўсіх ягоных прыхільнікаў, якіх ён ухваляе сам», – мяркуе жыхар Менску. «Я лічу, што калі і ёсць нейкія фальсіфікацыі, то вельмі нязначныя», – упэўнены яшчэ адзін мужчына.

«Калі глядзець на апошнія прэзідэнцкія выбары… я ўжо ўвогуле не веру ні ў якія выбары», – прызнаецца маладая спадарыня.

«Я думаю, што фальсіфікуюць», – падсумоўвае мінак, суразмоўца «Белсату».

І пакуль участковыя выбарчыя камісіі на 99 % складаюцца з падкантрольных уладам асобаў, ні пра якую дэмакратычнасць ды справядлівасць казаць не выпадае.

Юрый Салодкі, «Белсат», фота – Мікалай Пятроў