Шэйман з’ездзіў у Зімбабвэ, каб азалаціць Беларусь


Зімбабвэ, Судан, Мазамбік, Конга і Экватарыяльная Гвінея – цяпер вось у гэтых краінах улады Беларусі збіраюцца шукаць нафту і карысныя выкапні.

Гэтакія планы для арганізацыі геалагічнай выведкі па нафтаздабычы агучыў кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман па выніках свайго візіту ў Зімбабвэ. Паводле яго, Беларусь будзе імкнуцца ўвайсці на рынак шэрагу афрыканскіх краінаў.

Беларусь раней ужо рабіла спробы распрацоўкі карысных выкапняў у далёкім замежжы, аднак гэты досвед нельга назваць вельмі пазітыўным. Буйнамаштабнай здабычы нафты не атрымалася наладзіць ні ў Венесуэле, ні ў Іране, ні ў Эквадоры, ні нават у Расейскай Федэрацыі.

Укладацца ў эканоміку Зімбабвэ цяпер – рызыкоўная рэч

Пакуль мала вядома пра бачанне перспектывы развіцця краіны яе новымі ўладамі.

«Беларусь ужо спрабавала рабіць нафтавыя справы з Венесуэлай. Чым гэта скончылася – мы ведаем: нафты няма, паступленняў у бюджэт няма. Можна казаць пра дальнюю дугу, але я ведаю, што ўпраўленне справамі прэзідэнта – гэта не нафтавая кампанія – гэта не ExxonMobil, не Роснефть. Таму нейкія праекты фінансова-грашовыя могуць быць, няхай добра гэта робяць. Але з пункту гледжання стратэгіі і перспектывы, я не бачу тут аніякага сэнсу», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Планы Шэймана могуць быць чарговымі спробамі паказаць актыўную дзейнасць у пошуку новых рынкаў нафты і экспартавых магчымасцяў для Беларусі. Гэтак, паводле чыноўніка, Беларусь можа дасягнуць $ 3 млрд гадавога таваразвароту з краінамі Афрыкі.

У той жа момант, пошук перспектыўных прамысловых праектаў за мяжою – справа, безумоўна, вельмі добрая. Аднак Упраўленню справамі прэзідэнта варта звярнуць большую ўвагу на рэфармаванне айчынных прадпрыемстваў, сярод якіх амаль 2000 стратныя.

Зміцер Мацкевіч, «Белсат», фота: David Fernandez / EFE / Forum, huber-images.de / Merten Hans-Peter / Forum