Шчаслівы канец: уратаваныя на мяжы тыгры знайшлі новы дом


Шчаслівы канец жахлівага падарожжа. Пяцёра тыграў, якіх ад вернай смерці ўратавалі беларускія памежнікі, нарэшце знайшлі клапатлівых гаспадароў.

За нягодамі лёсу каціных сачылі людзі ў Беларусі, Польшчы ды ўсёй Еўропе.

Тыгрыца на мянушку Мэрыда трывожна ходзіць па вальеры ў заапарку польскага гораду Познань. Яе чакае новы бяспечны дом, аднак яна ўсё яшчэ панічна баіцца людзей. Мэрыда – адна з 10 тыграў, якіх без ежы і вады везлі з Італіі ў Расею. Яе ўратавалі беларускія памежнікі, якія не прапусцілі грузавік.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Транспарт меўся ехаць у Дагестан. Хутчэй за ўсё, жывёліны павінныя былі памерці там, бо іх меліся выкарыстаць для традыцыйнай кітайскай медыцыны», – распавядае дырэктар арганізацыі абароны жывёлаў AAP Давід Ван Хэнэп.

Адзін тыгр дарогі не перажыў. А пяцярых ужо адправілі ў адмысловы прытулак у іспанскім горадзе Віллена. Перад доўгаю дарогаю тыграў усыпілі, каб узяць пробы крыві і пагрузіць жывёлінаў у машыны.

«Пасля таго, як мы памесцім іх у каранцін, мы дамо ім крыху супакоіцца, бо жывёліны прайшлі праз пекла. Пасля пачнецца сапраўдная праца: мы мусім аднавіць іхныя сілы. І ў гэтым неабходная дапамога людзей. На кожнага тыгра трэба выдаць 75 еўраў за дзень, каб слушна карміць іх, лекаваць, запэўніць правільны подсціл і цацкі», – распавядае дырэктар арганізацыі абароны жывёлаў AAP Давід Ван Хэнэп.

Грамадзяніна Расеі і двух італьянцаў, якія намерваліся перавезці тыграў у Расею, польская пракуратура абвінаваціла ў здзеках з жывёлінаў. Чацвёра драпежнікаў усё яшчэ застаюцца ў Польшчы: яны заслабыя для падарожжа.

Аляксандр Папко belsat.eu