На Шаркаўшчыне за паленне звальняюць з працы


Трое жыхароў Шаркаўшчыны пазбавіліся працы за паленне – не падчас працы і не на працоўным месцы. Мужчынаў фактычна вымусілі падпісаць заявы на звальненне паводле ўласнага жадання.

Папаліў – працу згубіў

Леанід адпрацаваў на прадпрыемстве Шаркаўшчынскі райгаз 20 гадоў. Апроч годнага заробку, шматкроць атрымліваў граматы і падзякі за выдатную працу. Але цяпер Леанід беспрацоўны, бо падчас вяртання з камандзіроўкі запаліў цыгарэту на паркоўцы каля пасялковай крамы.

Мужчынаў з цыгарэтамі заўважыла іхнае кіраўніцтва з Віцебску і адчытала за паленне. З паркоўкі працаўнікоў накіравалі на алкатэстэр, які паказаў нуль праміле, а пасля загадалі з’явіцца на наступны дзень на працоўны сход.

«На агульным сходзе сам начальнік Вялічка Эдвард Эдвардавіч сказаў: «Усім ісці ў прыёмную і напісаць заяву аб сыходзе». Мы пайшлі ў прыёмную і напісалі заявы, але ніякага ўласнага жадання не было. Гэта было пад прымусам. Проста мы не думалі, што гэтая заява пойдзе ў ход, а што хацелі проста папужаць нас гэтым», – распавядае Леанід Лагун.

На прадпрыемстве вядзецца барацьба з паленнем і п’янствам

Не выключана, што гэтую сітуацыю кіраўніцтва выкарыстала, каб зладзіць паказное звальненне, не маючы на гэта законных падставаў. Час вяртання з камандзіроўкі лічыцца працоўным, але ў ім прадугледжаныя перапынкі на адпачынак. Юрыст сцвярджае, што ў гэтай сітуацыі можна было зрабіць працаўнікам вымову ці грашовае спагнанне. Замест гэтага Леаніду з калегамі публічна загадалі напісаць заявы аб звальненні.

«Яны маглі насамрэч не хадзіць на гэты сход. Але іх мала што прымусілі там прысутнічаць, усіх людзей. Дык яшчэ іх вымусілі гэтыя заявы напісаць. Таму гэтыя дзеянні абсалютна незаконныя», – упэўнены Юрый Белякоў, прававы інспектар прафсаюзу РЭП.

Кіраўнік Леаніда адмаўляе сваё дачыненне да звальнення і дадае. Эдвард Вялічка даводзіць, што мужчыны самыя звольніліся, што іх ніхто да гэтага не прымушаў.

Знайсці новую Леаніду будзе няпроста

Уладкавацца паводле спецыяльнасці на іншыя газавыя прадпрыемствы раёну малаверагодна, бо тамтэйшае кіраўніцтва акурат прымала ўдзел у ягоным звальненні. Іншых працоўных месцаў у пасёлку амаль няма, а заробкі ў раёне – самыя нізкія па Рэспубліцы.

Леанід гадуе дваіх няпоўнагадовых дзяцей. На гэты момант ён з калегамі падаў заяву кіраўніку Браслаўскага вытворчага ўпраўлення аб узнаўленні на працы, а таксама ў прафсаюз аб спрыянні ў вяртанні працоўнага месца. Адказу з гэтых структураў пакуль не паступала.

Таццяна Белашова, «Белсат»