Шайба стаіць рубам: МФК абвесціць, ці быць чэмпіянату ў Беларусі


У выпадку Беларусі спорту не атрымаецца застацца па-за палітыкаю. Праз паводзіны Лукашэнкі ў дачыненні беларусаў заходнія краіны адна за адною патрабуюць пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі ў іншую краіну. Гуляць у Менску адмовілася Данія. У Іншых краінах захаду – шайба стаіць рубам. Міжнарожнай Федэрацыі давядзецца вырашыць да канца месяца.

Каронавірус не адступіў. Свет перажывае другую хвалю захворвання. Правядзенне ў такі час міжнароднага форуму, у тым ліку Чэмпіянату свету па хакеі – грашовыя страты для краіны-пляцоўкі.

Рыгор Трафіменкаў, журналіст газеты «Прессбол»:

«Выгада зазвычай бывае звязаная з нейкімі паступленнямі ў краіну вялікай колькасці заўзятараў, турыстаў. Цяпер доступ на трыбуны будзе лімітаваны і зарабіць на гэтым немагчыма. А вядучыя еўрапейскія краіны любяць лічыць грошы ўсё ж такі».

Напрыклад, Чэхія і Славакія з гэтай прычыны не хочуць прымаць у сябе чэмпіянат па хакеі. На пару з Беларуссю ў Менску імпрэзу сёлета мелася праводзіць Латвія. Адмовілася ад супрацы… з прычынаў палітычных. За ёю хакейныя клюшкі склала каманда Даніі, і заявіла, што гэта кансалідаванае рашэнне са Швецыяй, Нарвегіяй і Фінляндыяй. Ад Міжнароднай федэрацыі Хакею чакаюць пераносу імпрэзы з Беларусі, дзе…

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

«Адбываюцца страшныя рэчы. Гэтая краіна настолькі парушае правы чалавека, што там нават не магчыма правесці вялікі міжнародны турнір. Таму гэта б мела вялікае палітычнае значэнне, вялікі палітычны знак».

Адмена чэмпіянату свету сталася б псіхалагічным ударам персанальна па Аляксандру Лукашэнку, для якога хакей – больш, чым хобі. Прыхільнікі пераменаў у Беларусі – за моцнае рашэнне Федэрацыі па Беларусі. Ёсць і іншыя меркаванні.

Жыхары Віцебску:

«Я думаю людзі не будуць супраць, перадусім цяпер. То бок гэта не такая вялікая ахвяра – згубіць чэмпіянат – у параўнанні з тым, што адбываецца».

«Чэмпіянат і тое што адбываецца ў краіне – рэчы не звязаныя, калі разабрацца, але, відаць спорт ужо ўвесь палітызаваны, таму атрымліваем такі вынік».

«Хацелася б каб нашая краіна развівалася. Гэта ж пэўныя паступленні ў бюджэт нашай рэспублікі. І людзі ж былі гатовыя да таго, каб у нас быў чэмпіянат».

Але людзі не былі гатовыя да такіх падзеяў у дзяржаве (эфект збіванне). Да кіраўніка Сусветнай федэрацыі Хакею Рэнэ Фазэля звярталіся сярод іншых спартоўцы з беларускага Фонду спартовай салідарнасці ды праваабаронцы.

Раней Міністэрства замежных справаў Латвіі забараніла ўезд у краіну кіраўніка федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, якога падазраюць у датычнасці да забойства пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

«Маглі б гэтыя чыноўнікі, якія прыхільныя да Лукашэнкі, заяўляць, што сітуацыя супакоілася, але ў адказ на гэта ёсць факты, што сотні людзей саджаюць у турмы, дзе тысяча чалавек ужо сядзяць, а сорак тысяч – былі затрыманыя. Мне здаецца, што ўнутры федэрацыі рашэнне ўжо прынятае, чэмпіянату не будзе ў Менску».

Вырашаючы лёс форума – федэрацыя мае ўлічыць рашэнні вялікіх хакейных дзяржаваў – Канады і ЗША, а ў Еўропе – слова за Нямеччынаю і Чэхіяй.

Юлія Цяльпук, belsat.eu