Севярынец патлумачыў, чаму БХД спрабуе зарэгістравацца ў сёмы раз


Беларускія хрысціянскія дэмакраты абралі чацвёртага сутаршыню і будуць спрабаваць зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі ў сёмы раз.

У сталічным кангрэс-холе «Вікторыя» прайшоў з’езд аргкамітэту арганізацыі, які прыняў адпаведнае рашэнне. Чаму партыйцы не складаюць рук, «Белсату» патлумачыў Павел Севярынец:

«Мы абавязаныя падаваць дакументы на рэгістрацыю, каб не падпасці пад 193 арт КК, дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таму мы бесперапынна падаем дакументы на рэгістрацыю ці то партыі, ці арганізацыі, каб знаходзіцца ў прававым полі», – заяўляе Павел Севярынец, сустаршыня БХД.

Хрысціянскія дэмакраты спрабуюць атрымаць афіцыйную рэгістрацыю з 2009-га года. Апроч рэгістрацыі партыі цягам гэтага часу было больш за 20 спробаў легалізавацца ў выглядзе грамадскай арганізацыі. Тым не менш, нягледзячы на адсутнасць дакументаў ад Мінюсту, партыя плануе браць актыўны ўдзел у мясцовых выбарах.

«На каля 100 акругах будуць вылучаныя прамоўцы БХД, калі знойдуцца ў Беларусі людзі, якія будуць гатовыя праводзіць актыўныя кампаніі на сваіх акругах, байкатаваць ці выступаць з акцыямі пратэсту, мы гатовыя падтрымліваць, безумоўна, любую актыўнасць, якая ідзе на карысць Беларусі, на карысць дэмакратыі», – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Цяпер аргкамітэт для стварэння партыі БХД узначальваюць чатыры сустаршыні, замест ранейшых трох. На з’ездзе ў кіраўніцтва абралі Вольгу Кавалькову. Апроч таго, яна працуе памочніцай апазіцыйнай дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. І Канапацкая, і яшчэ адна незалежная дэпутатка Алена Анісім падтрымліваюць неабходнасць рэгістрацыі БХД.

«Мы не ва ўладзе, але мы хацелі б паўплываць на палітыку сённяшняй дзяржавы, а гэта магчыма зрабіць праз тыя законы, якія ўлада прымае. Таму гэта асноўная мая задача і праца якой я буду займацца. Таксама я буду займацца камунікацыяй з хрысціянскімі супольнасцямі і з іншымі мэтавымі аўдыторыямі, якія звяртаюцца да БХД за падтрыманнем, за дапамогай», – заяўляе сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

У з’ездзе аргкамітэту для стварэння партыі БХД узялі ўдзел 110 чалавек. Сёлета арганізацыя адзначае 100-годдзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Аркадзь Несцярэнка