Сербія прывяла войскі ў поўную боегатовасць


Напружаная сітуацыя на Балканскім паўвостраве: Сербія прывяла войскі ў поўную боегатовасць дзеля абароны сербскага насельніцтва ў Косава – часткова прызнанай рэспубліцы. Нагодай стала косаўская паліцэйская спецаперацыя.

Косава, Мітравіца. Сірэны, верталёты, паліцыянты з аўтаматамі ды паліцыянты ў кайданках – на фоне расейскіх сцягоў. Так выглядала косаўская паліцэйская аперацыя супраць кантрабанды і арганізаванай злачыннасці ў рэгіёне, населеным сербамі.

«Рэйды прайшлі ў 12 месцах, 19 афіцэраў косаўскай паліцыі былі затрыманыя, сярод іх 11 прадстаўнікоў сербскай, 4 албанскай і 4 баснійскай нацыянальнасці», – заявіла на прэс-канферэнцыі Мірадые Кельмэндзі, прадстаўніца Інспектарату Косаўскай паліцыі.

Ёсць лёгка параненыя: 6 мясцовых сербаў і 5 паліцыянтаў – удзельнікаў рэйдаў, з іх 1 – ад агнястрэльнай зброі. У суседняй Сербіі антыкантрабандную аперацыю ў Мітравіцы палічылі спробаю Прыштыны пры падтрымцы Албаніі ўзяць поўнач часткова прызнанай рэспублікі пад кантроль.

«Нашая армія будзе абараняць наш народ у выпадку сур’ёзных пагрозаў парадку і жыццю людзей у Паўночным Косаве. Мы разумеем усе жахлівыя наступствы, але будзем працягваць абараняць мір і стабільнасць, хоць рабіць гэта ўсё цяжэй… калі яны хочуць знішчыць твой народ», – заявіў у парламенце прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч.

Бялград падтрымала Масква.

«Гэта чарговая правакацыя Прыштыны, скіраваная на застрашванне і выцясненне неалбанскага насельніцтва, усталяванне кантролю над гэтымі раёнамі сілавым шляхам», – заявіла Марыя Захарава ад імя МЗС Расеі.

Падчас аперацыі затрымалі расейскага працаўніка місіі Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, але сёння ж вызвалілі.

«Быў транспартны сродак ААН з адным расейскім і адным мясцовым прадстаўнікамі Арганізацыі. Іх адвялі ў паліцэйскі пастарунак, бо яны спрабавалі спыніць паліцыю», – патлумачыў кіраўнік паліцыі Косава Рашыт Цяляй.

Косава абвесціла незалежнасць 11 гадоў таму. Сербія лічыць часткова прызнаную рэспубліку неадʼемнаю часткаю сваёй тэрыторыі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu