САЗ: смяротнасць ад COVID-19 – 5 %


Яшчэ некалькі непрацоўных тыдняў – жыхары Расеі застануцца ў рэжыме самаізаляцыі да канца красавіка. Разглядаецца нават пытанне пераносу Параду Перамогі на восень або яго правядзенне без гледачоў, паведамляе РБК.

Тым часам у Францыі працягваецца адна з найбуйнейшых у гісторыі краіны эвакуацыяў з дапамогай санітарных цягнікоў: хворых вязуць не толькі ў менш закранутыя інфекцыяй рэгіёны, але і ў суседнюю Нямеччыну.

«Чаму так адбываецца ды ці звязана гэта з адсутнасцю падрыхтаванасці або адсутнасцю магчымасцяў у французскіх спецыялістаў, я не магу сказаць. Але ў нас усё яшчэ ёсць вольныя месцы, таму мы пастанавілі прыняць невялікую колькасць пацыентаў, каб хоць трохі палегчыць цяжар нашых суседзяў», – кажа Франк Гэрбштрайт, доктар з Нямеччыны.

За апошнія содні ў Францыі ды Іспаніі зарэгістравалі найбольшы за ўсю пандэмію лік смерцяў – 509 і 860 ахвяраў адпаведна. А вось у Італіі паказнікі смяротнасці крыху ўпалі: за сераду там зафіксавалі крыху больш за семсот памерлых. Гэтая самая нізкая лічба за апошнія некалькі дзён.

«Мы трымаем цесны кантакт з медыкамі, уводзячы паслабленні вельмі паступова. Калі менавіта яны будуць цалкам знятыя, я сказаць не магу, але ў любым выпадку каранцін дзее на ўсёй тэрыторыі краіны да 13 красавіка ўключна», – распавёў Джузэпэ Контэ, прэмʼер-міністр Італіі.

А вось ва Ўу-Хані жорсткія абмежаванні ўжо знялі – на вуліцах шматмільённага кітайскага правінцыйнага гораду, адкуль, уласна, і паходзіць каронавірусная інфекцыя, нарэшце зʼяўляюцца людзі, адкрываюцца крамы і цырульні.

«Жыццё з гарачай ежай, разам з іншымі мінакамі – гэта так нязвыкла! Больш за два месяцы я быў пад замком, цяпер жа я магу зʼесці локшыну на вуліцы – неверагодна!», – кажа мясцовы жыхар.

Афіцыйныя лічбы аб колькасці захварэлых і памерлых у Кітаі – а гэта крыху больш за восемдзесят тысячаў заражаных і каля трох тысяч двухсот загінулых адпаведна – падвяргаліся сумневу і раней. Цяпер жа, як сцвярджае агенцтва «Блумбэрг», у амерыканскай выведкі ёсць пацверджаныя факты таго, што ўвесь гэты час улады Паднябеснай заніжалі звесткі пра маштаб эпідэміі ў краіне, дзе жывуць амаль паўтара мільярда чалавек.

Віталь Бабін, «Белсат»

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum